Залічаць ва ўнівер будзе камп’ютар?
Без сельскіх балаў і пазаконкурснага залічэння. Для камп’ютара няма розніцы, адкуль абітурыент.
“Гаворка ідзе не аб новых правілах прыёму, а толькі аб новай рэдакцыі”, — перадае канал "Беларусь-1" словы старшыні камісіі па кантролі за ўступнай кампаніяй Анатоля Рубінава пасля нарады ў кіраўніка краіны.
Галоўнае — электронная сістэма залічэння ва ўніверы. Пра якую, дарэчы, кажуць ужо некалькі гадоў, і што гэта будзе — пакуль не ведаюць нават у Міністэрстве адукацыі:
“Электронную сістэму залічэння варта ўводзіць па ўсёй краіне. У тым выглядзе, у якім гэтая сістэма залічэння абмяркоўвалася ў прэзідэнта, яе ў нас няма. Ёсць шмат праблемаў, якія трэба вырашаць”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінадукацыі.
Электронную сістэму залічэння складана ўводзіць, бо ёсць раздзельныя балы, ёсць мэтавае залічэнне, — агучваюць гэтыя праблемы ў прыёмнай камісіі БДУ:
“Ёсць шэраг абмежаванняў: асобны конкурс для гараджан і сялян, пазаконкурснае залічэнне. І не вядома, ці змогуць студэнты адразу вызначыцца са спецыяльнасцямі…“, — гавораць Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі БДУ.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радёэлектронікі, дзе электронная сістэма залічэння ўжо працуе, дзеляцца з Еўрарадыё досведам:
“Напрыклад, на профіль падалі дзве тысячы заяваў на паступленне. Сістэма іх ранжыруе па бале. З іх 1100 праходзіць на бюджэт, яны здавалі тэсты для аднаго профілю. Яны ўжо паступілі — гэта першы этап. Далей кожны з іх указаў 7 спецыяльнасцяў па прыярытэце. І камп’ютар бярэ першага абітурыента — ён праходзіць на першую спецыяльнасць. Далей даходзіць да 1001-га, напрыклад. Калі ён не праходзіць на першую спецыяльнасць з тых, якія ён указаў, камп’ютар шукае, дзе яшчэ ёсць свабодныя месцы, на пазначаных гэтым абітурыентам спецыяльнасцях”, — тлумачыць рэктар універсітэта Міхаіл Батура.
Паводле слоў рэктара БДУІР, такая электронная сістэма залічэння можа працаваць па ўсёй краіне.
“Для камп’ютара няма розніцы. Але трэба выдзеліць групы спецыяльнасцяў па ўсіх ВНУ: тэхніка-тэхналагічны профіль, эканамічны, гуманітарны. Усе спецыяльнасці трэба разбіць па групах, якія аб’ядноўваюцца па тэстах, якія трэба здаваць на гэтыя спецыяльнасці. І абітурыент указвае некалькі профіляў, па сваёй групе спецыяльнасцяў у розных універсітэтах”, — разважае Міхаіл Батура.
Але рэктар называе і галоўную праблему: рэгіянальныя ўніверсітэты могуць недабраць студэнтаў. Бо спярша кожны будзе ўказваць сталічныя ўніверсітэты, а пасля ўжо — рэгіянальныя.
Нагадаем, сёлета на паступленне прэтэндавалі 74 тысячы абітурыентаў, якія змаглі здаць цэнтралізаванае тэставанне. У дзяржаўных ВНУ для іх было 76 тысяч месцаў, 30,5 тысячы — бюджэтныя.
Фота: news.21.by