Замест Крыма і Украіны турысты з Беларусі абіраюць Балгарыю і… лецішчы
Беларусы баяцца нават вылятаць з Кіева, а замест звыклай Турцыі абіраюць Сіцылію і Іспанію.
“Ад нашай турфірмы два чалавекі ездзілі ў Кіеў. Цяпер чалавек 15 будуць праязджаць праз Чарнаўцы. А так, з Украінай праблемы, праз яе ніхто ехаць не хоча ў параўнанні з мінулым годам. А замест Украіны, абіраюць Балгарыю”, — расказваюць Еўрарадыё у турфірме “Happy tours”.
Сапраўды, злятаць у Балгарыю на 10 дзён можна за 400 еўра на чалавека. Замест Украіны і Турцыі сёлета едуць у Еўропу.
“Прадаецца Еўропа, на 70% больш кліентаў хочуць туды, чым летась. Многія стаміліся ад Турцыі, бо яна стала дарагой ды і стаміліся там адпачываць. З’явіліся новыя напрамкі па Іспаніі, на Сіцылію ездзяць. Шмат з’явілася вылетаў з Мінска, раней такога не было”, — агучвае змены напрамкаў намесніца дырэктара турфірмы “Юніка-трэвел” Ганна Макавец.
Італія на два тыдні з харчаваннем абыдзецца ў 1,5 тысячы еўра. Самастойныя турысты кампаніі не выцясняюць: нягледзячы на лоўкосты і сервісы браніравання.
“У мяне ёсць пастаянныя кліенты, якія любілі падарожнічаць самастойна, а пасля прыйшлі ў турфірму, бо так не трэба думаць пра дарогу. Да таго ж, у нас ёсць магчымасць набыць чартэры”, — дадае Ганна Макавец.
Замест Крыма і Украіны едуць таксама ў Чарнагорыю. Кошты на аўтобусныя туры тут не мяняліся з 2011 года: каля 400 еўра на чалавека за 9 дзён на Адрыятычным моры з транзітам па Еўропе.
“З лютага ўжо пайшлі продажы на авіятуры. Народ ляціць. Едуць у аўтобусныя туры. Першая група цяпер паехала, аўтобус ішоў пад завязку. Аўтобусныя туры разабраныя, там не уклініцца”, — расказваюць у турфірме “Смалянка” пра адпачынак у Чарнагорыі.
Многія крымскія турысты наогул адмовіліся ад адпачынку і паехалі на лецішчы, расказвае Лілія Кобзік, рэдактар газеты “Турызм і адпачынак”.
“Многія гадамі ведалі толькі Крым. А тут высветлілася, што можна змяніць яго на Грэцыю, напрыклад. А шмат хто ўвогуле не паехаў: хто на лецішча, хто не збіраецца адпачываць. Цяпер турысты думаюць наконт наступнага года, на што змяніць Крым”, — разважае Лілія Кобзік.
Цяпер пуцёўку ў Крым знаходзім за амаль 300 долараў: 10 дзён у міні-гатэлі Судака, праезд на аўтобусе.
Летась у Крыме адпачыла паўмільёна беларусаў. Найбольш турыстаў з Беларусі ездзіла ў Расію, Украіну, Балгарыю і Грэцыю, падлічвае Белстат.
Фота: turmir.by