Затрыманне на БелАЭС было, менеджар “Атамбудэкспарта” вызвалены пад заклад
Следчы камітэт падцвердзіў затрыманне менеджара расійскага прадпрыемства “Атамбудэкспарт”, які працаваў на будоўлі Беларускай АЭС. Супраць начальніка ўпраўлення вентыляцыі і сістэмы пажаратушэння “Атамбудэкспарта” Дзмітрыя Зіноўева распачатая крымінальная справа.
“У дачыненні да гэтай асобы УСК па Гродзенскай вобласці сапраўды расследуецца крымінальная справа па артыкуле 252 КК РБ (камерцыйны подкуп). Адзначу, што дзеянні, якія ставяцца яму ў віну, звязаны з парушэннем парадку эканамічнай дзейнасці, — паведаміў Еўрарадыё начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадкасцю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. — Па даных следства, мужчына не з’яўляўся службовай асобай, а быў супрацоўнікам арганізацыі. Ён незаконна атрымліваў грашовыя сродкі за дзеянні, звязаныя з паскораным афармленнем дакументаў. Да яго ўжыта мера cтрымання ў выглядзе закладу”.
Пра затрыманне Зіноўева стала вядома напярэдадні, але афіцыйнага пацвярджэння гэтаму не было. У дырэкцыі БелАЭС Еўрарадыё пацвердзілі, што расійскі менеджар пазбаўлены доступу на будаўнічую пляцоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.