Затрыманне "тэрарыста" ў Беларусі пастановачнае — Азараў
Аляксандр Азараў / Еўрарадыё
Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў пракаментаваў Еўрарадыё відэаролікі, паказаныя 7 сакавіка на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах з затрыманнем "украінскага тэрарыста". "Нам гэты чалавек невядомы", — кажа ён. Азараў перакананы, што "відэа пастановачнае": звяртае на сябе ўвагу тое, што дзверы, у якія заходзілі сілавікі, адчынены, а ёсць і іншыя дэталі. Да таго ж праваабаронцам стала вядома, што яшчэ на мінулым тыдні затрымалі гаспадароў дома.
Аляксандр Азараў сцвярджае, што беларускія партызаны, удзельнікі плана "Перамога", якія 26 лютага здзейснілі дыверсію на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам, выехалі з Беларусі і знаходзяцца ў бяспецы. А тыя, каго затрымліваюць сілавікі, не маюць да яе дачынення, але пад прымусам могуць казаць адваротнае.
"Рэжым Лукашэнкі шукае выхад са становішча, якое здарылася з гэтым самалётам. І вось яны знайшлі такі выхад, медыйны", — кажа Азараў. Праўда, пэўны час улады былі ў разгубленасці і не ведалі, як рэагаваць.
"Я думаю, "выклік прыняты", Лукашэнка не для ўкраінцаў сказаў, а для нас, беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Я гэта ўспрыняў у свой бок", — адзначыў кіраўнік BYPOL.
26 лютага ў Мачулішчах быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 (па словах Лукашэнкі, на ім "драпіны і адна прабоіна"). Па крымінальнай справе, распачатай у РБ за "акт тэрарызму", праходзіць больш за 20 чалавек, паведамляе КДБ. Сярод іх — нехта Мікалай Швец, якога абвінавачваюць у правядзенні дыверсіі ў Мачулішчах. Ён сябе назваў украінскім грамадзянінам. На відэа мужчына кажа, што "падарваў самалёт на аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага з дапамогай двух дронаў". Таксама ён прызнаецца, што "працаваў з СБУ". У аўторак, перад з'яўленнем гэтых відэаролікаў, Аляксандр Лукашэнка ўручыў сілавікам узнагароды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.