Затрыманы галоўны патолагаанатам Мінска
У Мінску супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі пры атрыманні хабару начальніка Гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро.
Галоўны патолагаанатам сталіцы атрымаў 5245 рублёў і 300 долараў ЗША, паведамляе прэс-служба МУС. Гэтыя грошы перадаў яму прадстаўнік камерцыйнай фірмы. За гэта патолагаанатам мусіў дапамагчы ў заключэнні дамоваў на пастаўку рытуальных прыналежнасцяў для крамы, размешчанай на тэрыторыі арганізацыі, і своечасовай аплаты за пастаўлены тавар.
Звесткі пра карупцыйную дзейнасць кіраўніка патолагаанатамічнага бюро праваахоўнікі атрымалі напрыканцы траўня. Выявілася, што хабар у беларускіх рублях і замежнай валюце мужчына атрымліваў ужо больш за дзесяць гадоў. Паводле звестак МУС, агульная сума атрыманага хабару склала дзясяткі тысяч долараў ЗША. Штомесяц ён адтрымліваў "адкат" у 10% ад сумы пастаўленага тавару. Праўда, паводле звестак аператыўнікаў, апошнім часам ён стараўся атрымліваць грошы раз у квартал, каб не так часта сустракацца з прадстаўнікамі камерцыйных структураў.
Аператыўнікі сцвярджаюць, што кіраўнік бюро атрымаў не менш за 200 тысяч долараў ЗША.
На затрыманага пачалі крымінальную справу за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну ўзялі пад варту.