Згвалтаванне школьніцы ў Азербайджане: бацька хоча выдаць замуж за гвалтаўніка
Паведамленне пра тое, што ў Лерыкскім раёне Азербайджана была згвалтаваная 14-гадовая школьніца, распаўсюдзілася па сацсетках і СМІ, выклікаўшы наймацнейшую грамадскую рэакцыю.
Згодна з непацверджанай інфармацыяй, сямікласніца была згвалтаваная пляменнікам мясцовага чыноўніка, 24-гадовым Эльнурам Мамедавым, і цяпер на чацвёртым месяцы цяжарнасці. Больш за тое, гвалтаўнік зняў тое, што адбылося, на відэа і шантажаваў яе. Калі ж пра ўсё гэта даведаліся мясцовыя жыхары, то памкнуліся зладзіць над хлопцам самасуд, а сям'я дзяўчыны з'ехала ў Баку. Сайт Qafqazinfo піша, што першакрыніцай гэтай інфармацыі быў рэдактар газеты "Tolışi Sədo" Рафіга Джалілава. Калі карэспандэнты іншых медыя прыехалі ў Лерык, мясцовыя жыхары распавялі ім, што згвалтаванне сапраўды адбылося і ўсе ў акрузе пра гэта ведаюць.
Сайт спрабаваў звязацца з бацькам меркаванай ахвяры, але той не захацеў з імі размаўляць. Затое ён даў інтэрв'ю сайту Azxeber, у якім цалкам адмаўляе факт здзеку над сваёй дачкой і яе цяжарнасці. Паводле яго слоў, згаданы хлопец — гэта сябар сям'і, які хацеў "скрасці" школьніцу з мэтай жаніцьбы. Але бацька, маўляў, перашкодзіў яму гэта зрабіць, заявіўшы, што з вяселлем трэба пачакаць да яе паўналецця.
Як паведамляе партал 1news, у пракуратуры Лерыкскага раёна сказалі, што ніякіх зваротаў у сувязі са згвалтаваннем да іх не паступала.
Аднак многія карыстальнікі сацсетак, на чале з журналістамі і грамадскімі актывістамі, упэўненыя, што згвалтаванне, сапраўды, было, і справу проста спрабуюць замяць. Журналіст Хадзіджа Ісмаіл пачала збор онлайн-подпісаў пад петыцыяй, у якой яна просіць улады, замежныя амбасады і міжнародныя арганізацыі разабрацца ў тым, што здарылася, правесці расследаванне, пакараць вінаватых і забраць дзяўчынку ў бацькоў, якія выгароджваць яе гвалтаўніка.
Абурэнне ў людзей выклікала яшчэ і тое, што бацька дзяўчыны, кажучы пра падрыхтоўку шлюбу паміж ёю і "сябрам сям'і", заявіў, што меркаванне самой патэнцыйнай нявесты ніхто пытацца не будзе.
Абмяркоўваючы гэтую гісторыю ў сацсетках, людзі, як звычайна, падзяліліся на два лагеры:
— адны лічаць, што адбылося жахлівым злачынства і патрабуюць справядлівасці;
— другія сумняваюцца ў тым, што меў месца гвалт і наўпрост ці ўскосна вінавацяць дзяўчыну ў легкадумнасці. Маўляў, "прыдбала дзіця і спрабуе цяпер сябе апраўдаць".