Жан Клод Юнкер — Найджэлу Фараджу ў Еўрапарламенце: “Я здзіўлены, што вы тут”

Жан Клод Юнкер — Найджэлу Фараджу ў Еўрапарламенце: “Я здзіўлены, што вы тут”

У Бруселі ладзіцца пазачарговая сустрэча лідараў Еўрасаюза. Нечакана яе наведвае Найджэл Фарадж, лідар Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства. Ён заяўляе, што волю брытанскага народа трэба паважаць. А таксама што “Брытанія — гэта маяк для ўсіх краінаў Еўрасаюза і не апошняя краіна, якая выходзіць з аб’яднанай Еўропы”. Гэтыя словы былі сустрэтыя свістам з трыбунаў парламента.

Жан Клод Юнкер — Найджэлу Фараджу ў Еўрапарламенце: “Я здзіўлены, што вы тут”

“Чаму б нам не прадэманстраваць прагматызм, здаровы сэнс, адказнасць і рэалізм? Давайце створым зону бяспошліннага гандлю і прызнаем тым самым, што Вялікабрытанія — гэта гандлёвы партнёр Еўрасаюза. Давайце будзем і далей супрацоўнічаць і застанемся найлепшымі сябрамі ў свеце!” — прыводзіць словы Фараджа Euronews.

Старшыня Еўракамісіі Жан Клод Юнкер, звяртаючыся да Фараджа, заявіў: “Я сапраўды здзіўлены, што вы тут. Вы змагаецеся за выхад. Брытанскі народ прагаласаваў на карысць выхаду. Чаму вы тут?”

Дэпутаты Еўрапарламента падчас сесіі заклікалі Лондан “неадкладна задзейнічаць” працэдуру выхаду з Еўрасаюза і тым самым “выканаць волю брытанскага народа”. За гэтую рэзалюцыю прагаласавала 395 чалавек, супраць — 200.

Жан Клод Юнкер — Найджэлу Фараджу ў Еўрапарламенце: “Я здзіўлены, што вы тут”

Жан-Клод Юнкер падкрэслівае, што гульню пачаць мусіць менавіта Вялікабрытанія:

“Мы заклікаем брытанскі ўрад (пазней сёння я сустрэнуся з прэм'ер-міністрам гэтай краіны і хачу заўважыць, што брытанцы застануцца нашымі сябрамі, нягледзячы на вынікі іх галасавання) як мага хутчэй праясніць сітуацыю, таму што мы не можам дазволіць сабе і далей знаходзіцца ў поўнай нявызначанасці”.

Да пачатку пасяджэння канцлер Германіі Ангела Меркель выступіла ў Бундэстагу, заклікаючы ЕС да еднасці.

Па яе словах, вітаецца любая прапанова, якая дапаможа аб’яднанай Еўропе як супольнасці 27 дзяржаваў выйсці з крызісу.

“Але любыя прапановы, якія ўзмацняюць цэнтрабежныя сілы, ад якіх Еўропа і так моцна пакутуе цяпер, будуць мець непрадказальныя наступствы для ўсіх нас. Гэта будзе спрыяць далейшаму расколу ЕС”, — сказала кіраўніца Германіі і падкрэсліла, што зробіць усё, каб гэтага не адбылося.

 

Жан Клод Юнкер — Найджэлу Фараджу ў Еўрапарламенце: “Я здзіўлены, што вы тут”

Таксама яна заклікае не праводзіць перамоваў з Брытаніяй аб выхадзе з аб’яднанай Еўропы, пакуль Лондан не запусціць адпаведную фармальную працэдуру.

“Мусіць быць і будзе адчувальная розніца адносна таго, хоча краіна быць часткай сям’і Еўрапейскага саюза або не. Хто хоча выйсці з гэтай сям’і, той не можа разлічваць, што пазбавіцца ўсіх абавязанняў, але захавае прывілеі”, — падкрэсліла кіраўніца Германіі.

Па яе словах, Еўрасаюз цяпер дастаткова моцны, каб справіцца з наступствамі выхаду Вялікабрытаніі з аб’яднанай Еўропы, паведамляе Deutsche Welle.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі