Жаночы спрынт на этапе Кубка свету выйграла нарвежка Мартэ Ройселанд
У французскім Ансі 16 снежня пачаўся чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне. Сёння там прайшла жаночая спрынтарская гонка.
Першае месца заняла нарвежка Мартэ Ройселанд, якая не зрабіла ніводнага промаху і фінішавала з вынікам 20:22.0.
На другім месцы апынулася францужанка Анаіс Бескон: яна таксама не зрабіла ніводнага промаху, але саступіла пераможцы ў гонцы 15,4 секунды. Трэцяе месца — у шведкі Эльвіры Эберг (два промахі на лёжцы).
Сярод беларускіх біятланістак найлепшы вынік паказала Дзінара Алімбекава. Яна зрабіла адзін промах на стойцы і заняла шостае месца ў турнірнай табліцы. Ганна Сола зрабіла па адным промаху на кожным з двух агнявых рубяжоў і заняла сёмае месца.
Алена Кручынкіна з адным промахам была 32-й, Ірына Лешчанка з двума промахамі — 55-й, Ірына Кручынкіна з трыма промахамі — 66-й (яна не трапіць на гонку пераследу).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.