Жэрар Дэпардзьё трапіў у аўтааварыю ў цэнтры Масквы
Актор знаходзіўся ў мікрааўтобусе, у які ўрэзалася таксоўка.
Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 23 чэрвеня, піша газета "Известия". Мікрааўтобус Mercedes, у якім знаходзіўся Дэпардзьё і яго калегі, вяртаўся са здымак фільма. Паліцыянты насуперак правілам дазволілі павярнуць кіроўцу мікрааўтобуса ў неналежным месцы.
Калі ён здзяйсняў паварот, у мікрааўтобус урэзаўся таксовец, які выехаў на чырвонае святло.
У выніку ДТЗ шэсць чалавек з ліку здымачнай брыгады атрымалі невялікія ранкі, аднак ад шпіталізацыі адмовіліся. Тым не менш пацярпелых адправілі для агляду ў сталічную прыватную французскую клініку.
Высветлілася, што за рулём таксі быў 39-гадовы мужчына без права кіраваць аўтамабілем. Раней ён быў пазбаўлены правоў, аднак на паседжанні суда не хадзіў і пасведчанне кіроўцы не здаў. Супрацоўнікі паліцыі правераць, якім чынам пазбаўлены пасведчання кіроўца змог уладкавацца ў кампанію таксі.
Фота ІТАР-ТАСС