Журналіст Intex-Press стаў фігурантам крымінальнай справы
Аэрадром у Баранавічах / ілюстрацыйнае фота nashkraj.by
Карэспандэнт незалежнага медыя Intex-Press (Баранавічы) стаў фігурантам крымінальнай справы аб садзейнічанні экстрэмізму, сцвярджае адзін з праўладных тэлеграм-каналаў. Рэсурс публікуе "пакаяльнае відэа" з маладым чалавекам.
Хлопец распавядае, што працуе карэспандэнтам баранавіцкага медыя, а таксама пра тое, што 1 сакавіка зрабіў фота мясцовага вайсковага аэрадрома. На лётным полі тады меркавана знаходзіліся расійскія самалёты. Здымак ён адправіў у рэдакцыю медыя, якое ў Беларусі абвешчана "экстрэмісцкім".
Паведамляецца, што журналіст у цяперашні час знаходзіцца ў ІЧУ. Як піша праўладны тэлеграм-канал, яму пагражае ад 2 да 6 гадоў зняволення.
Праваабаронцы пішуць, што затрыманы — гэта Юрый Ганцарэвіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.