Журналіст Кастусь Жукоўскі пасля правакацыі з’ехаў з Беларусі

Журналіст Кастусь Жукоўскі пасля правакацыі з’ехаў з Беларусі

Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі з'ехаў з Беларусі. За ім пакінула краіну яго жонка з дачкой, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Па словах Жукоўскага, апошняй кропляй, якая схіліла яго да такога рашэння, стаў напад на яго аўтамабіль 13 студзеня на дарозе Холмеч-Брагін-Хойнікі. Журналіст ехаў са сваім спадарожнікам Барысам Анікеевым і спыніўся, каб праверыць, чаму пераграваецца рухавік аўтамабіля. Да іх машыны адразу пад'ехаў джып, і чацвёра мужчын атачылі Жукоўскага і Анікеева. 

"Мне пырснулі ў твар нейкай пякучай вадкасцю, нават акуляры ў мяне зваліліся. Кастуся збілі з ног, выхапілі дакументы, парвалі пашпарт, які быў, на шчасце, пратэрмінаваны. Яшчэ і паздзекаваліся: “Вось табе замежжа!" — распавёў Анікееў. 

У міліцыю ні Жукоўскі, ні Анікееў не звярталіся. Жукоўскі кажа, што не бачыць сэнсу ў такіх зваротах. Раней журналісту пагражалі праз Facebook і электронную пошту. Але пры звароце ў міліцыю журналісту заявілі, што не могуць знайсці асобу, якая накіроўвала пагрозлівыя лісты. "Яшчэ раней мяне дома даймалі незнаёмыя хуліганы — іх таксама не знайшлі”, — дадае Жукоўскі.

Па словах журналіста, цяпер ён вывучае замежную мову ў адной з краін Заходняй Еўропы. 

За апошнія гады міліцыя дзясяткі разоў затрымлівала Жукоўскага. У 2018 год на журналіста склалі каля двух дзясяткаў адміністрацыйных пратаколаў, вінавацячы ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага канала “Белсат”. За год яго аштрафавалі на 12 432,5 рубля, што перавышае гадавы сярэдні заробак у Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі