Журналісту Быкоўскаму вярнулі амаль усю тэхніку, забраную па "справе БелТА"
Мінскага карэспандэнта рускай рэдакцыі Deutsche Welle (DW) Паўлюка Быкоўскага 27 верасня дапыталі ў Следчым камітэце. У каментары Deutsche Welle журналіст паведаміў, што яму вярнулі амаль усю тэхніку, забраную падчас ператрусу на пачатку жніўня.
"Яны вярнулі яшчэ адзін жорсткі дыск, яшчэ адзін нетбук і дыктафон, які я паспеў купіць як раз перад самым ператрусам. Амаль усю тэхніку, за выключэннем планшэтаў, якія належаць маёй дачцэ", — падзяліўся падрабязнасцямі Быкоўскі. Ён дадаў, што ў следства застаецца таксама яго працоўны ноўтбук — як рэчавы доказ.
Журналіст кажа, што цяпер у МЗС Беларусі вырашаецца пытанне, ці працягнуць яму акрэдытацыю ў якасці карэспандэнта DW. Пры гэтым выезд з Беларусі яму па-ранейшаму забаронены.
Таксама на 27 верасня ў Следчы камітэт выкліканыя на допыты ў якасці сведкаў супрацоўнікі рэдакцыі Naviny.by Дзмітрый Наважылаў і Раман Салікаў, а таксама падазраваная па справе карэспандэнт інфармагенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова.
У рамках "справы БелТА" 7 жніўня адбыліся ператрусы ў рэдакцыях партала tut.by і інфармагенцтва БелаПАН. Праваахоўнікі заявілі, што журналісты мелі несанкцыянаваны доступ да платнай стужкі навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА, чым нанеслі істотную шкоду кампаніі. Падазраванымі па справе праходзяць 10 чалавек — пераважна супрацоўнікі tut.by і БелаПАН.
Рэдактар партала tut.by Дзмітрый Бобрык днямі заявіў, што падчас допыту ў Следчым камітэце яго завербавалі.