Жыццё на размеркаванні: іржавая вада з крана і 2 мільёны заробку замест 4
Журналістка сельскагаспадарчага аддзелу збірае бабуліны хобі, а выпускніца Універсітэта культуры і мастацтваў працуе “ад прыбіральшчыцы да грузчыка”.
Выпускніцу Інстытута журналістыкі БДУ з магістарскай ступенню Алену размяркоўваюць у газету “Голас Любаншчыны” загадчыцай сельскагаспадарчага аддзела.
“Афіцыйна мяне размеркавалі ў аддзел сельскай гаспадаркі. Там больш нікога няма, таму я яго ўзначальваю. Але мы ездзім па вёсках, па бабулях, якія добра вышываюць ці спяваюць. У асноўным, пішу пра культуру”, — расказвае Еўрарадыё Алена.
Маладая спецыялістка жыве ў інтэрнаце, знайшлі на працы. Ды і заробак мае не меншы за мінскі, таму не скардзіцца. Можа, таму, што працаваць ёй там толькі тры месяцы, а не два гады.
“Мне тут нядрэнна, але праз 3 месяцы я іду ў аспірантуру. І калі ўспрымаць гэта як такое падарожжа на 3 месяцы, гэта нядрэнна. Але калі заставацца тут жыць, то гэта туга, зразумела”, — прызнаецца Алена.
Маргарыта пасля Універсітэта культуры і мастацтваў адпрацоўвае ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубронак” педагогам-арганізатарам.
“Інтэрнат добры, а вось вада дрэнная, нейкая іржавая бяжыць. Абавязкі ад грузчыка да метадыста, арганізатара канцэртаў. Апаратуру пераносіць даводзіцца часта. Быў першы заробак, замест абяцаных чатырох мільёнаў далі два”, — скардзіцца Маргарыта.
І дадае, што ў выхавальнікаў умовы працы яшчэ горшыя. Дзяўчына будзе дапрацоўваць неабходныя два гады, калі не атрымаецца вырвацца.
Цікавімся ва ўніверсітэтах: ці шмат тых, хто збег ад размеркавання?
У БДУ тых, хто "адкасіў", пакуль не падлічвалі, чакаюць кастрычніка. Выпускнікі Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта жэняцца, каб пазбегнуць размеркавання.
“Пакуль толькі па некалькіх выпускніках не зразумелае пытанне. Гэта са зменаў сямейнага становішча. У іх цяпер пераразмеркаванне. Ёсць адзін чалавек, які вырашыў грошы выплаціць”, — прыгадваюць ва ўніверсітэце.
Ёсць тыя, хто вырашыў адкупіцца ад размеркавання, і ў Беларускім эканамічным універсітэце, але ці шмат такіх, не кажуць. Амаль дзяржаўная таямніца!
Дарэчы, у мінулым годзе больш за 1600 платнікаў па краіне добраахвотна пажадалі, каб іх размеркавалі. Летась з 22 тысяч выпускнікоў на працу накіравалі толькі 21 тысячу. А даехалі да яе яшчэ менш — 19 тысяч усё ж сталі маладымі спецыялістамі, паведамляе Белстат.
Выпускніца журфака на размеркаванні: Галоўнае — удала выйсці замуж!
Фота: portal.tpu.ru