Жыхара Баранавічаў асудзілі на два гады калоніі за порна Вконтакте
Ён размясціў у вольным доступе чатыры пікантныя ролікі.
Набыў моц прысуд, вынесены 51-гадоваму жыхару Баранавічаў, асуджанаму за захоўванне і распаўсюд відэазапісаў парнаграфічнага зместу. У снежні мінулага года мужчына скапіяваў з інтэрнэту чатыры порнаролікі, а затым размясціў на сваёй старонцы Вконтакте і даў магчымасць прагледзіць іх неабмежаванай колькасці карыстальнікаў інтэрнэту.
Праваахоўнікі выявілі “клубнічку” і 17 студзеня гэтага году канфіскавалі пікантнае відэа, а на мужчыну завялі крымінальную справу. 22 красавіка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў яго вінаватым у захоўванні порна і яго рэкламаванні з дапамогай інтэрнэту. Ён атрымаў два гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама ў мужчыны канфіскавалі кампутар.
Фігурант справы падаў касацыйную скаргу на прысуд, але судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 19 чэрвеня пакінула яе без задавальнення. Але ж абвінавачаны падпаў пад амністыю ў сувязі з 70-годдзем Перамогі і таму тэрмін пакарання скараціўся для яго на год, перадае БелаПАН.
Фота з архіву