Жыхара Мядзельскага раёна катавалі гарачым прасам, каб аддаў залатую манету
Мужчына вытрымаў катаванні гарачым прасам
У Мядзельскім раёне расследуецца крымінальная справа аб разбоі, здзейсненым групай асоб. Двое жыхароў вёскі Брусы ва ўзросце 45 і 47 гадоў былі ў гасцях у знаёмага. Падчас распівання спіртнога яны ўспомнілі, што 40-гадовы мясцовы жыхар каля чатырох гадоў таму ў лесе знайшоў дзве царскія залатыя 10 рублёвыя манеты 1899 года. Адну з іх пасля згубіў адзін з яго прыяцеляў. Госці вырашылі пацікавіцца, ці засталася другая манета, бо хацелі яе забраць, каб выгадна прадаць.
Зламыснікі абвінавацілі мужчыну нібыта ў крадзяжы металу і запатрабавалі "кампенсацыю" — залатую манету. Калі ён адмовіў, пачалі збіваць яго кулакамі і палкай. Але і гэта не дапамагло. Тады госці выкарысталі гарачы прас — прыкладвалі яго да грудзей, жывата і твару ахвяры. Нягледзячы на катаванні, мужчына мужна трымаўся і нічога не расказаў зламыснікам. Апошнія сышлі.
Праз некалькі дзён апёкі пацярпелага ўбачылі мясцовыя жыхары, і выклікалі хуткую. Медыкам мужчына распавёў пра здарэнне, а тыя паведамілі ў міліцыю. У выніку зламыснікаў затрымалі. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, залатая манета была ў мужчыны. Следчыя яе забралі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.