Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-orkiestra рыхтуюць клубны канцэрт у Мінску

6 лютага ў клубе “Піраты” адбудзецца вялікі клубны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra у межах якога прагучаць найлепшыя песні тандэма, створаныя за 15 гадоў.

“Сапраўды, чамусьці рэдка граем у клубах, хаця можам даць драйву напоўніцу”, — кажа Зміцер. Яго WZ-orkiestra выйдзе на сцэну поўным складам — баяніст-віртуоз Аляксандр Шувалаў, піяніст і кіраўнік джаз-ансамбля “Дыліжанс” Андрэй Лабчэўскі, гітарыст Алег Івановіч, бас-гітарыст Вячаслаў Сяргеенка, бубнач з аркестра Купалаўскага тэатра Андрэй Сапоненка разам са Змітром сыграюць творы з праектаў “Народны альбом”, “Я нарадзіўся тут”, “Святы вечар”, “Цацачная крама”, “Паравіны году”, “Апошні золак” ды іншых — усё найлепшае з багатай творчай спадчыны. Будуць песні на вершы Караткевіча, Ваячка, Бураўкіна, Барадуліна, Някляева, Вольскага…

“Будзем граць каля дзвюх гадзінаў. Пэўная частка песень ужо вызначаная, а частку будзем адбудоўваць па ходзе канцэрта. Спадзяюся, усе застануцца задаволенымі”, — заўважае выканаўца.

Канцэрт адбудзецца ў клубе “Піраты” 6 лютага ў 19.00 у межах праекта “Жывы Тузін”, што ладзяць партал Tuzin.fm і грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”. Квіткі каштуюць 165 000 (танцпол), 215 000 (столік). Іх колькасць абмежаваная, так што варта паклапаціцца загадзя.

Квіткі можна набыць анлайн і ў касах Kvitki.by па ўсёй краіне.

Тэлефон для даведак: +37529 6872093.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі