Зміцер Вайцюшкевіч рыхтуе да выхаду кнігу ўласных рэфлексій
Яе складзе друкаваная версія выпускаў аўтарскай перадачы музыкі "Простыя словы".
Зміцер Вайцюшкевіч збіраецца выдаць кнігу. У ёй музыка прадставіць друкаваную версію выпускаў сваёй аўтарскай радыёпраграмы "Простыя словы", дзе разважае на агульныя тэмы.
Вайцюшкевіч кажа, што асабліва ні на што не прэтэндуе, але, тым не менш, яму захацелася паказаць сябе і такім чынам.
"Мне б хацелася, каб мой сын Язэп і ўсе астатнія дзеці аднойчы прачыталі, пра што я думаў. Можа і банальна, але прыгожа", — тлумачыць ідэю музыка і дадае, што яму вельмі цікава працаваць у літаратурным рэчышчы, і што праца са словам яго выхоўвае. Да таго ж, ёсць і адукацыйны момант, калі можна паглыбіцца ў значэнне і сэнс словаў.
Выданне кнігі запланаванае на восень. Папярэдняя назва — "Простыя словы-2014" (кнігу складуць перадачы на "Радыё Рацыя" за 2014 год). Зміцер Вайцюшкевіч кажа, што калі кніга стане бэстсэлерам, то праз год свет можа ўбачыць яе працяг — "Простыя словы-2015".
Дарэчы, таксама сёлета музыка плануе выдаць 2 новыя альбомы.