Зміцер Вайцюшкевіч выступіць у Вільні з прэзентацыяй альбома

6 чэрвеня ў Вільні адбудзецца канцэртная прэзентацыя новага альбома Змітра Вайцюшкевіча "Наша песня". Арганізатары канцэрта абяцаюць бясплатную візавую падтрымку для беларускай публікі.

Як вядома, Вайшюшкевіч у 2011 годзе трапіў пад негалосную забарону і не меў магчымасці выступаць у Беларусі. У кастрычніку 2014 года Еўрарадыё разам з кампаніяй "Рок-салідарнасць" ўсё ж удалося правесці канцэрт музыкі ў Мінску, але пасля гэтага яшчэ два выступы ў Мінску сарваліся. Праз адсутнасць іншых магчымасцяў для сустрэчы з беларускай публікай, музыка вырашыў даць першы ў сваёй кар’еры "выяздны" канцэрт у Вільні. Выступ адбудзецца ў зале Дома польскай культуры ў сталіцы Літвы, разлічанай на 500 гледачоў.

Зміцер плануе сыграць вялікую двухгадзінную праграму разам з поўным складам WZ-Orkiestra, якая будзе складацца з двух аддзяленняў. Першае — прэм’ера новага альбома на вершы беларускіх паэтаў "Наша песня". Другое — найлепшыя песні розных гадоў.

Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў, тэрмін дзеяння з 5 да 7 чэрвеня ўключна) паступяць у продаж 4 траўня. Набыць іх можна ў "Тэатральнай касе" па адрасе: Мінск, вул. Калініна, д.5. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакументаў ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі (Мінск) і Генеральным консульстве (Гродна). Апошні тэрмін падачы — 29 траўня. Квіткі без візавай падтрымкі ўжо можна набыць у сістэмах Kvitki.by (Беларусь) і Bilietai.lt (Літва).

Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. Інфалінія: (029) 636 56 16 і (029) 239 56 16. Дадатковая інфармацыя: www.cartadorog.by, www.zagranicy.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі