Зміцер Вайцюшкевіч зняў першы афіцыйны кліп на песню "Мама"
Рэжысёрам відэа выступіў Расціслаў Смольскі.
Завяршыліся здымкі першага афіцыйнага кліпа Змітра Вайцюшкевіча на песню "Мама" з апошняга альбома "Варанок". Такім чынам спявак рызыкнуў "паверыць у відэа, якое мусіць быць хоць адно ў жыцці, каб было што людзям паказаць". Рэжысёрам выступіў беларускі кліпмэйкер Расціслаў Смольскі.
"Мне цікавая ўвогуле такая праца, — дзеліцца ўражаннямі ад здымак Зміцер. — Таму што табе ставяць задачу. Звычайна я сам сабе задачы ставіў і па музыцы, і па вобразах. А тут ёсць рэжысёр, які цябе ўспрымае і бачыць па-свойму, нават калі табе гэтае бачанне можа не падабацца. Я спадзяюся, што атрымаецца нармальна, не кісла".
Дэбютнае відэа Вайцюшкевіча ўжо змантаванае, праўда, сам музыка вынік працы пакуль не бачыў. У хуткім часе яно будзе прэзентаванае ў інтэрнэце.
Фота Расціслава Смольскага