“Зорныя войны” даставяць у кінатэатры таемна за некалькі хвілін да паказу
Закрытая прэм’ера фільма “Зорныя вайны: Абуджэнне сілы” адбылася ў Лос-Анжэлесе ўвечары 14 снежня ў кінатэатры Dolby Theatre.
Да гэтай падзеі перакрылі тры кварталы Галівудскага бульвара а таксама прынялі дадатковыя меры бяспекі, як, напрыклад, падчас правядзення цырымоніі ўручэння “Оскара”.
Упершыню ў Еўропе эпізод пакажуць 15 снежня ў закрытым фармаце ў Лондане. Выхад фільма ў пракат у ЗША і Вялікабрытаніі адбудзецца 18 снежня. У Беларусі — на дзень раней, 17 снежня. Ва ўсім свеце кампанія Walt Disney і кінатэатры прымаюць надзвычайныя меры, каб фільм не трапіў у рукі піратаў.
У Вялікабрытаніі "Зорныя войны" пакажуць у пятніцу праз пару хвілін пасля поўначы. Копіі фільма дастаўляюць у кінатэатры таемна, а гледачоў просяць не апранаць на прэм’еру касцюмы з маскамі.
“Фільм распаўсюдзяць ў лічбавым варыянце, і ён будзе зашыфраваны. Будзе адмысловы ключ з кодам, які дазволіць разблакаваць пэўную копію фільма для адпаведнай аўдыторыі”, — цытуе словы кіраўніка Брытанскай асацыяцыі кінатэатраў Філа Клэпа Independent.
Новы эпізод не быў уключаны ў праграмы традыцыйных кінафестываляў, якія праходзяць перад уручэннем “Оскара”, каб сябры журы не змаглі паглядзець яго загадзя. Разам з тым, менеджары кінатэатраў ўсё ж убачаць фільм раней за ўсіх, каб пераканацца ў неабходнай для паказу якасці.
Падчас паказу кіназалы будуць патруляваць супрацоўнікі ў акулярах начнога бачання, каб не дапусціць відэаздымку на мабільныя тэлефоны. Чакаецца, што чарговая сага “Зорных войнаў” стане самым касавым фільмам у гісторыі, паведамляе ВВС.
Прадстаўніца Белкінавідэапраката кажа, што ў нас такія меры не прымаюцца, бо фільм будзе атрыманы ў фармаце 3D і 2D у 0:00 17 снежня. Паказы ж пачнуцца адразу пасля гэтага праз некалькі хвілін.
Што тычыцца адмысловых строяў і масак, дык у нас абмежаванняў не будзе:
“А як вы забароніце чалавеку на прэм’еру прыйсці ў нейкім выключным выглядзе? Ніхто вас не затрымае і не забароніць. Калі вы фанат, калі ласка, прыходзьце ў строі!” — тлумачыць прадстаўніца арганізацыі.
І дадае, што кожны кінатэатр мае камеры відэаназірання, якія звязаныя з праваўладальнікамі. Яны пільнуюць і колькасць гледачоў, і наяўнасць парушэнняў.
Новы эпізод “Зорных войнаў” будзе ісці ў беларускіх кінатэатрах да 13 студзеня. Прэм’ера адбудзецца не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах, сярод якіх — Гомель, Мазыр, Брэст, Баранавічы, Пінск, Магілёў, Віцебск. Квіткі на першыя сеансы яшчэ можна набыць.
Галоўнае фота: independent.co.uk
Увага ў відэа шмат спойлераў!