Звальненне Латушкі і "зорка" Кіркорава: чым запомнім Бондара на чале Мінкульта
Юрый Бондар / БЕЛТА
19 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў чарговыя кадравыя перастаноўкі. Сярод іншага ў Беларусі з'явіўся новы міністр культуры — Анатоль Маркевіч. Ён змяніў на гэтай пасадзе Юрыя Бондара, які "ўзначальваў культуру" тры гады.
Еўрарадыё ўспамінае, чым запомніўся Юрый Бондар на пасадзе кіраўніка Міністэрства культуры.
Прызначыў Паўла Латушку дырэктарам Купалаўскага
Менавіта пры Юрыю Бондару 6 мая 2019 года былы міністр культуры Павел Латушка быў прызначаны дырэктарам Купалаўскага тэатра. Прадстаўляючы калектыву новага дырэктара, міністр падкрэсліў, што Павел Латушка разам з мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным браў удзел у распрацоўцы стратэгіі развіцця тэатра, якая спрацавала вельмі паспяхова.
"Сёння Купалаўскі тэатр з'яўляецца лідарам сярод тэатраў Беларусі, а калектыў тэатра працягвае папулярызаваць беларускае тэатральнае мастацтва, гісторыю і культуру", — сказаў тады міністр.
Звольніў Паўла Латушку з пасады дырэктара Купалаўскага
Аднак пакіраваць Купалаўскім Латушку было наканавана толькі крыху больш за год. 13 жніўня 2020-га калектыў тэатра запатрабаваў спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах з удзелам незалежных назіральнікаў. Купалаўскі тэатр заявіў, што не будзе паказваць спектаклі і гатовы да забастоўкі.
Бондар неадкладна выклікаў нелаяльнага дырэктара на дыван, пасля чаго адбылося звальненне. У знак салідарнасці з дырэктарам сталі звальняцца акцёры, рэжысёры і іншыя работнікі тэатра.
Адкрыў "зорку" Кіркорава ў Віцебску
У 2020-м у Віцебску Юрый Бондар адкрыў на Плошчы зорак каля галоўнай пляцоўкі "Славянскага базару" зорку расійскага спевака Філіпа Кіркорава.
"Гэта сведчанне высокага прызнання і выдатнага ўкладу ў развіццё сучаснага музычнага мастацтва, папулярызацыю славянскай культуры, а таксама ўмацаванне культурных сувязяў Беларусі і Расіі", — падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця Бондар.
Выступаў супраць ахоўных масак
"Нармальныя людзі [ходзяць] без маскі", — заявіў міністр Юрый Бондар у ліпені гэтага года. Ён лічыць ахоўныя маскі ў часы каранавіруса "рассаднікам мікробаў".
Заява Бондара супярэчыла рэкамендацыям Мінздароўя аб выкарыстанні ахоўных масак у месцах масавага зграмаджэння людзей.
Флэшмоб замест забастовак
14 жніўня Юрый Бондар наведаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Пры ўваходзе ў навучальную ўстанову яго сустрэлі пратэстоўцы (у тым ліку і акцёры Купалаўскага). Бондар тады заявіў прысутным, што ніякіх забастовак у Беларусі няма, а ўсё, што адбываецца, — флэшмоб.
"Каляровыя рэвалюцыі"
Але праз два месяцы "пратэставыя настроі" міністр усё ж заўважыў. У каментары БЕЛТА 15 кастрычніка ён заявіў, што падзеі ў Беларусі маюць усе класічныя прыкметы "каляровай рэвалюцыі".
"Адна з іх — проціпастаўленне "безабаронных і мірных" "моцным і агрэсіўным". Але гэта палярнасць стала набываць гратэскавыя рысы. Мы ўжо сутыкнуліся не проста з агрэсіяй, а з групамі баевікоў, радыкалаў. Выведуць натоўп на праезную частку, справакуюць — і ўцякаюць, прычым хутчэй за ўсіх астатніх. Адтуль назіраюць за тым, як іх "закладнікі" трапляюць у спецтранспарт.
Складана паверыць (і аб'ектыўныя лічбы гэта пацвярджаюць), што ў нашай роднай Беларусі, якая вядомая сваёй магутнай сацыяльнай палітыкай, раптам усе б адчулі сябе зняважанымі і абражанымі. Гэтага няма — раскручваецца патрэбны вобраз для ўздзеяння на шырокія пласты насельніцтва", — сказаў Юрый Бондар.
"У Беларусі ёсць свабода творчасці"
За некалькі дзён да гэтага ў дзяржСМІ міністр заявіў, што ў Беларусі для творчых работнікаў не існуе цэнзуры.
"Наяўная Канстытуцыя стварае ў Беларусі ўсе ўмовы для гарманічнага развіцця культуры, асобы. Мы не адчуваем якога-небудзь ціску з боку дзяржавы. Як міністр культуры магу заявіць, што ў краіне сапраўды існуе свабода творчасці. Мы не цэнзуруем творчых работнікаў. Кожны мае права рэалізоўваць сябе ў мастацтве так, як ён лічыць патрэбным.
Разам з тым кожны грамадзянін, які цікавіцца пытаннямі жыцця дзяржавы і грамадства і хоча ўнесці рэальныя пазітыўныя змены ў жыццё сваёй краіны і ў асноўны закон, зможа сфармуляваць свае прапановы ў рамках прававога механізма, унясення і абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю", — паведаміў міністр.
Словы пра свабоду творчасці гучаць асабліва іранічна, улічваючы тое, колькі музыкаў цяпер адбываюць арышты за канцэрты ў дварах.
Адмяніў "Лістапад" за дзень да пачатку
5 лістапада, за дзень да адкрыцця, у Мінску быў адменены кінафестываль "Лістапад". Афіцыйная прычына, агучаная ў тэлеграм-канале Мінкульта, — "неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя".
***
Юрый Бондар нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. У 1989 годзе паступіў на аддзяленне правазнаўства ў мінскае гандлёвае вучылішча, скончыў яго з чырвоным дыпломам. У 1997 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "Правазнаўства".
З 2001 года працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на пасадах выкладчыка, старшага выкладчыка, дацэнта кафедры культуралогіі, а потым і першага прарэктара.
У 2006 годзе абараніў дысертацыю па спецыяльнасці "Тэорыя палітыкі, гісторыя і метадалогія палітычнай навукі" ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У 2007 годзе скончыў Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай". У 2009 годзе яму прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці "Паліталогія".
З 2013 да 2017 года быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У 2014 годзе быў абраны дэпутатам па Чыгуначнай выбарчай акрузе Мінска. З'яўляўся намеснікам старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў XXVII склікання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.