Звольненая настаўніца года: Па словах дырэктрысы, такія як я зрабілі Майдан

Леташнюю пераможцу раённага конкурсу настаўнікаў у Светлагорску Алену Маслюкову папрасілі з працы. Дырэктар не падоўжыла ёй кантракт.

“Пасля конкурсу “Настаўнік года” стаўленне дырэктрысы да мяне рэзка змянілася. Яна казала, што вакол мяне збіраюцца калегі, нейкае атачэнне з’яўляецца. Пасля падзей ва Украіне дзеці ж пыталіся пра маё бачанне. Мабыць, да яе нешта дайшло. І яна выклікала мяне да сябе і сказала, што такія людзі як я зрабілі Майдан ва Украіне. Я адказала, што яго зрабілі такія чыноўнікі, як яна”, — апісвае канфлікт ужо былая настаўніца гісторыі Светлагорскай школы № 10.

Пасля канфлікт дырэктаркі і настаўніцы пачаў нарастаць. Алена заступілася за маладую калегу, хацела абараніць ад прымусовай падпіскі на газеты.

Дырэктрыса прымушала маладую калегу зрабіць падпіску на дзяржаўную прэсу. Я сказала, што такіх законаў няма. Але гэта такія дробязі. Улетку яна папрасіла мяне выкарыстаць усе адгулы. У ліпені мяне выклікала сакратар і выдала паперу, паводле якой мяне мусілі звальняць ў сувязі са скарачэннем працоўнай дамовы”, — працягвае Алена.

Калегі настаўніцы меркавалі, што гэта не больш за запужваннне. Але дамову аб працы Алене Маслюковай не працягнулі, і пасля школьнай лінейкі яна засталася без працы.

Раней яна выкладала ў філіяле Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, а ў светлагорскай школе Алена прапрацавала 5 гадоў. Пасля перамогі ў конкурсе, маючы дзве стаўкі, зарабляла каля 6 мільёнаў.

“Школа — гэта юрыдычная асоба. Таму працадаўца — дырэктар — мае права і прымаць на працу, і звальняць. Яна ж была пераможцай раённага конкурсу. Мы на працу прымаем толькі адміністратыўны склад”, — патлумачылі ў раённым аддзеле адукацыі спорту і турызму.

Заступацца за настаўніцу, якую самі ж палічылі лепшай у раёне, чыноўнікі не сталі. А вакансія гісторыка ў школе ўжо занятая:

“Вакансій на гісторыю няма, а дырэктар цяпер на бальнічным”, — каротка адказваюць у 10-й школе Светлагорска.

Фота: sn.by (Светлагорскія навіны) На фота - Алена Маслюкова на конкурсе "Настаўнік года".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі