21 красавіка ў Беларусі пройдзе суботнік
Бліжэйшыя тры суботы запар у Беларусі будуць працоўнымі. 14 сакавіка будзе працоўным днём за панядзелак перад Радуніцай (16 красавіка). На 21 красавіка Савет міністраў прызначыў агульнарэспубліканскі суботнік. 28 красавіка будзе працоўным днём за панядзелак, 30 красавіка, які выпадае перад Днём працы.
Пастанова Саўміна №276 ад 10 красавіка пра абвяшчэнне суботніка абнародаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Згодна з ёй, урад рэкамендуе "рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду Рэспублікі Беларусь,
мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям на добраахвотнай аснове правесці 21 красавіка 2018 г. рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцяў, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона".
Зрэшты, усім вядома, што ніякай добраахвотнасці ў прызначэнні суботніка ў Беларусі не існуе.
Высокапастаўленых чыноўнікаў пастанова пасылае працаваць на суботніку на малую радзіму: "Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду Рэспублікі Беларусь, прыняць асабісты ўдзел у рэспубліканскім суботніку з выездам на сваю малую радзіму".
Грошы, заробленыя на суботніку, будуць размеркаваныя наступным чынам: 50% застануцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а другія 50% — пералічаныя Міністэрству фінансаў. Мясцовыя ўлады накіруюць грошы на добраўпарадкаванне тэрыторыі, помнікаў і г.д. Мінфін перадасць грошы на закупку медабсталявання для мінскай гарадской лякарні хуткай меддапамогі. На гэтыя грошы будуць арганізаваныя дадатковыя кругласутачныя пасты для аказання меддапамогі, а таксама рэзервовых ложкаў на выпадак экстранай шпіталізацыі ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў 2019 года.