95% беларусаў адносяць сябе да пэўнай канфесіі, а ў бога вераць 64% з іх

95% беларусаў адносяць сябе да пэўнай канфесіі, а ў бога вераць 64% з іх

Паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага ў 2016 годзе Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі прэзідэнта, 95% апытаных беларусаў адносяць сябе да розных канфесій.

“Да праваслаўнай канфесіі адносяцца 84% апытаных, да каталіцкай ― 8,5%, іншых ― 2.5%. Не суадносяць сябе ні з якімі і рэлігійнымі канфесіямі 5% грамадзян”, ― паведамляецца ў бюлетэні ІАЦ.

Адначасова, даследаванне паказвае, што толькі 64% апытаных вераць у бога, 26% тых, хто назваўся праваслаўным, і 10% каталікоў не здолелі назваць сябе вернікамі. 11% апытаных заявілі, што не давяраюць царкве.

“Крытэрыі, па якіх Інфармацыйна-аналітычны цэнтр праводзіць свае даследаванні, не змяняюцца ўжо шмат гадоў і даюць амаль аднолькавыя вынікі пастаянна, зменаў у лічбах не назіраецца. Але ж рэлігія такая рэч, калі вельмі важна задаваць пытанні. Што такое “ўзровень даверу да царквы”? Што такое царква? Давайце спытаем, ці давяраюць людзі мітрапаліту Паўлу, ці давяраюць патрыярху Кірылу, ці давяраюць святарам праваслаўным? І тады ў нас будуць больш адпаведныя лічбы. Бо, кажучы пра давер царкве, людзі могуць мець на ўвозе што заўгодна. Трэба па-іншаму ставіць пытанні, каб зразумець, што людзі маюць на ўвазе пад сваімі адказамі”, ― кажа тэолаг Наталля Васілевіч.

Эксперт не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што пэўная колькасць людзей, якія называюць сябе праваслаўнымі альбо католікамі, не вераць у бога і не лічаць сябе вернікамі.

Наталля Васілевіч: “Увогуле, сёння для людзей рэлігійная ідэнтычнасць можа быць ідэнтычнасцю, звязанай з календаром. У Беларусі калі ты Раство святкуеш 7 студзеня, то ты праваслаўны, а калі 25 снежня, то ты католік. Такая вось каляндарная ідэнтычнасць, а не рэлігійная”.

Сапраўды, паводле даследавання ІАЦ, уся рэлігійнасць 70% праваслаўных і 50% каталікоў абмяжоўваецца святкаваннем асобных рэлігійных святаў. Пры гэтым, 73,5% апытаных заявілі, што рэлігія займае значнае месца ў іх жыцці. Вось толькі мала хто з іх ходзіць у храм: практыкуюць некаторыя абрады і таінствы 11,5% апытаных.

“Кожны чалавек па рознаму вызначае меру важнасці рэлігіі ў сваім жыцці. Нехта, можа, раз на месяц ці на год завітае ў царкву і скажа, што ён ад сябе і такога не чакаў, што яму так важна будзе ў царкву зайсці. Аб’ектыўных крытэрыяў вызначэння важнасці рэлігіі для чалавека няма. Паводле аднаго даследавання, самай вялікай рэлігійнай практыкай у праваслаўных краінах лічыцца тое, што людзі маюць іконы дома, у кашальку ці прымацаваныя на панелі ў аўто. Але ці стаіць хоць нешта за гэтым? У кожнага чалавека можа быць па-рознаму”, ― лічыць тэолаг.

З даследавання ІАЦ немагчыма зрабіць выснову, рэлігійныя беларусы людзі ці не, кажа Наталля Васілевіч. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі