Агляд прэсы: Супраць каго санкцыі і ці будуць яны пашырацца?

24 сакавіка ў Гаазе адбудзецца экстраная сустрэча лідараў краін G-7 па Украіне. Падчас яе закрануць і пытанне санкцый супраць Расіі. А заходнія СМІ ужо абмяркоўваюць, да чаго яны прывядуць. Напрыклад, Bloomberg піша, што санкцыі штурхаюць Расію да рэцэсіі, а боль можа павялічыцца, калі ЗША і Еўропа чарговы раз закруцяць вінт.

Bloomberg: “Санкцыі, якія дагэтуль былі скіраваныя на асобы ў выглядзе візавых забаронаў і замарожвання актываў, могуць быць пашыраныя на спецыфічныя галіны эканомікі”.

Пытанне толькі, ці спрацуе гэта. Як адзначае ў інтэрв’ю Bloomberg старэйшы навуковы супрацоўнік фонду “Heritage” (Вашынгтон) Арыель Коэн, Пуціна будзе нялёгка запужаць.

The Economist параўноўвае амерыканскія, еўрапейскія санкцыі і расійскія, якія з’явіліся ў адказ. Атрымоўваецца, што для расійскіх апальных чыноўнікаў, якія нібыта не маюць рахункаў у ЗША, будзе складана праводзіць фінансавыя аперацыі і ў іншых месцах. Але ўсё роўна назваць уведзеныя ўжо абмежаванні сур’ёзнымі не выпадае.

The Economist: “Дагэтуль аб’яўленыя меры далёкія ад велічыні санкцый, накладзеных на Іран, якія змаглі пакалечыць эканоміку гэтай краіны. Але такі ж падыход да Расіі быў бы складаным: яе эканоміка не так ізаляваная, як іранская. Прагнасць і страх таксама граюць ролю”.

Тэлеканал CNBC разважае над тым, хто ўжо церпіць ад санкцый. Каментуючы сітуацыю, старэйшы партнёр маскоўскай фірмы Macro-Advisory LTd Крыс Уіфер кажа, што любыя далейшыя санкцыі, хутчэй за ўсё, пранікнуць у катэгорыю зрыву эканомікі і гандлю. Ужо цяпер бізнесмены адзначаюць шматлікія выпадкі затрымкі альбо адмены заказаў на тавары і паслугі з Расіі ці ў Расію.

Прыкладна тое ж паўтарае і выданне USA Today, якое піша, што некаторыя амерыканскія экспарцёры ўжо адчулі пахаладанне ў гандлі з Расіяй. З першага погляду экспарт ЗША ў Расію складае толькі 0,5% ад агульнага амерыканскага экспарту, але гэта ўдвая больш, чым было ў 2010-м, таму губляць расійскі рынак амерыканскім вытворцам таксама было б непрыемна.

Тым часам амерыканскі часопіс Politico піша, што эканамічныя санкцыі, накладзеныя на атачэнне Пуціна, могуць быць выгаднымі для расійскага прэзідэнта.

Politico: “Выдаткі для Расіі, безумоўна, вялікія, але Пуцін тайна можа быць задаволены таму, як расійскія бізнесмены мітусяцца, каб вывесці свае грошы з зоны дасягальнасці ЗША”.

Нагадаем, з-за сітуацыі з Крымам Еўрасаюз адмяніў саміт Расія-ЕС, які мусіў адбыцца 3 чэрвеня, краіны-сябры ЕС адмовіліся ад двухбаковых самітаў з Расіяй. Таксама 31 расійскі чыноўнік трапіў пад санкцыі ЗША і 33 — пад санкцыі Еўрапейскага саюза.

Фота: AP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі