Альтэрнатыўная служба ў Беларусі: Лепш бы ён траншэі капаў!
“Славік, давай, вось, падлогу прыбярэш”, — кажуць невысокаму 20-ці гадоваму хлопцу ў Шчучынскай бальніцы. Тут Вячаслаў Шупляк праходзіць альтэрнатыўную службу, хоць сам ён з Вілейкі, служыць за 216 кіламетры ад дома. Ён — прадстаўнік рэлігійнай абшчыны “Сведкі Іеговы”, трымаць у руках зброю не можа па перакананнях. Таму замест службы ў войску 1,5 года, ён будзе тры гады працаваць у бальніцы па 10 гадзін, пяць дзён на тыдзень.
“Нашу дакументы, прыбіраю, дапамагаю з ляжачымі хворымі, мяту двор, нашу пасцельную бялізну, дапамагаю разносіць ежу, адвесці кагосьці на рэнтген, дапамагаў у рамонце. Калі прыйшоў на службу, не ведаў, да чаго рыхтавацца, першы год жа альтэрнатыўная служба ў краіне. Служу тут ужо тры месяцы. Дзе служыць, я не выбіраў”, — распавядае Вячаслаў Шупляк.
Пакуль размаўляем, сястра-гаспадыня дае яму заданні: аднесці дакументы ў адміністрацыйны корпус, працерці сталы ў сталовай.
"Прачынаюся ў 06:30, у бальніцы ўжо ў 8 раніцы. Адразу разношу дакументы, статыстыку па хворых, праціраю пыл, потым разношу ежу", — распавядае Вячаслаў, пакуль мые падлогу ў калідоры.
Яго зарплата — 250 рублёў, гэта 131 долар. Трапіць на такую службу было няпроста, не ўсе разумелі, як гэта працуе. Да службы Вячаслаў працаваў кіроўцам, скончыў ліцэй.
“Вучыўся ў Смалявіцкім аграрна-тэхнічным ліцэі. Добра, не давялося з дзяўчынай расставацца, — жартуе Вячаслаў. — Калі пераязджаў сюды, яе не было. Я вадзіцель-міжнароднік па спецыяльнасці. Хачу пасля службы працаваць па спецыяльнасці, з дзяцінства аўтамабілі люблю. Можа, застануся тут, у Шчучыне, пасля службы. Добры горад!”
Пакуль размаўляем, супрацоўніцы бальніцы абмяркоўваюць альтэрнатыўную службу. “Дык навошта гэта трэба, каля жанчын тут, тры гады, за спадніцамі. Лепш бы траншэі дзе капаў”, — кажа адна.
Іншая спрачаецца: “Ды ён тут стамляецца больш, чым на тых траншэях”.
Новае заданне: Вячаславу трэба дапамагчы хвораму, заправіць ложак. Ён служыць у аддзяленні неўралогіі, тут шмат ляжачых. Потым ідзём з каталкай за бялізнай у іншы корпус. Там выдаюць два вялікія мяхі, і каталка станавіцца цяжкай, Вячаслаў з цяжкасцю яе закатвае на лесвіцу.
Далей — невялікі перапынак, можна папіць гарбаты ў сястрынскай. Там сястра-гаспадыня прызнаецца, што зарабляе менш за Вячаслава на некалькі дзясяткаў рублёў. А яна яго прамая начальніца.
У Беларусі закон “Аб альтэрнатыўнай службе” пачаў дзейнічаць з 1 ліпеня 2016 года. Але першыя прызыўнікі адправіліся на такую службу толькі зімой 2017-га. Альтэрнатыўная служба даступная толькі тым, хто не можа прымаць прысягу і насіць зброю з-за рэлігійных перакананняў. Каб на такую службу адпусцілі, трэба даказаць ваенкаму свае перакананні, а таксама прынесці даведку з рэлігійнай абшчыны. Прызыўнікоў-альтэрнатыўшчыкаў ніхто не пытае, дзе і кім яны хочуць служыць. Дома не пакідаюць нікога. Альтэрнатыўную службу на дадзены момант у Беларусі праходзіць 51 чалавек. Яны служаць у бальніцах, лясных гаспадарках, сельскагаспадарчых арганізацыях. Тыя, хто служыць альтэрнатыўна, падпарадкоўваюцца не Мінабароны, а Міністэрству працы і сацыяльнай абароны.