BelToll: Нас абвінавачвалі, маўляў, зрабілі сістэму, каб збіраць штрафы

Аб працы электроннай сістэмы збору платы за праезд Белтол у Беларусі Еўрарадыё распавядае мэнэджар па сувязях з грамадскасцю кампаніі-аператара "Kapsch Telematic Services" Сяргей Буры.

Еўрарадыё: Чаму ў Беларусі вырашылі для легкавых аўто (масай менш за 3,5 тоны) ўводзіць бартавыя прылады і ці не плануецца спрашчаць сістэму?

Сяргей Буры: Не, не плануецца. Спецыяльна так зрабілі. Ні ў каго няма, а ў нас ёсць. Мы наогул першыя. Тое, што па заданні беларускага ўрада Kapsch паспрабаваў рэалізаваць у Беларусі, гэта акурат модны і правільны трэнд. Я вам больш скажу, цяпер Польшча да гэтага прыходзіць — ідзе абмеркаванне скасавання большасці шлагбаўмаў. Гаворка ідзе пра тое, каб гэта было без удзелу людзей, без шлагбаўмаў, без картак. Таму што ў Польшчы, хоць там усё працуе вельмі хутка, усё роўна збіраюцца вялізныя чэргі і ствараюцца коркі.

Еўрарадыё: Настаўніца з Гродна наездзіла на замежных транзітных нумарах па платнай дарозе на вялікую суму, яна кажа, што 10 дзён можна было ездзіць па краіне з такімі нумарамі. Калі грамадзянін Беларусі едзе на транзітных нумарах ці павінен ён плаціць?

Сяргей Буры: Па правілах ПДР, настаўніца магла ездзіць, і тое абмежаваны час. Але па платных дарогах яна ездзіць не магла. Адзіныя транзітныя нумары, з якімі аўтамабіль да 3,5 тон можа рухацца бясплатна — транзітныя нумары краін Мытнага саюза. Калi ўстаноўленыя транзітныя нумары іншых краін, неабходна атрымаць бартавую прыладу.

Ніякай амністыі для тых, хто парушыў па няведанні, а няведанне не вызваляе ад адказнасці, не было

Еўрарадыё: Пасля папаўнення рахунку на прыладах для грузавых аўтамабіляў колькасць восяў аўтаматычна збівалася да 2. У некаторых грузавікоў восяў больш, і гэта ўжо парушэнне. Цяпер таксама так?

Сяргей Буры: Ужо не скідваецца. Але гэта не было няспраўнасцю. Так была запраграмаваная сістэма, і ў інструкцыі паказваецца, што карыстальнік павінен сам усталёўваць восі. Але для многіх гэта было нечаканасцю, што трэба нешта рабіць. Таму была пэўная колькасць парушэнняў.

Еўрарадыё: Ну, яны першы раз і ўсталёўвалі патрэбную колькасць, а потым пра гэта не думалі...

Сяргей Буры: Яны пра гэта не думалі. Але гэта тычылася толькі дагавораў па перадаплаце, пры якіх бартавую прыладу трэба здымаць для папаўнення і несці ў пункт абслугоўвання. Ёсць дамовы з аплатай па факце, і там гэтага рабіць не трэба, кіроўца павінен толькі ўважліва слухаць сігнал прылады.

Правільней за ўсё праца пастаўленая там, дзе начальнік транспартнага цэха сам усталяваў прыладу і сказаў: вось тут не чапай, слухай сігналы, калі пішчыць больш за два разы, спыняйся і тэлефануй у пункт абслугоўвання. Там табе скажуць, што рабіць далей. Там, дзе была праведзеная праца з кіроўцамі, парушэнняў не бывае. А там, дзе не праведзеная, мы апытвалі людзей, што яны робяць. Усё як звычайна ў нас — ніхто нікога не навучыў. Пытаем у кіроўцы: колькі разоў яно ў вас пішчыць? — Чатыры. — А вы ведаеце чаму? — А чаго мне ведаць, хай начальства ведае.

Еўрарадыё: Спачатку такіх сітуацый было шмат. Кагосьці вызвалялі ад платы ў павялічаным памеры? Можа, была амністыя за першы месяц працы сістэмы?

Сяргей Буры: Амаль нікога не вызвалялі. Заканадаўча ніякай амністыі абвешчана не было. Усе, хто парушыў па няведанні, а няведанне не вызваляе ад адказнасці, або па ўласнай няўважлівасці, вызваленыя не былі. У выпадку, калі памылка была дапушчана аператарам, здымалі парушэнні. Калі была няспраўная бартавая прылада, таксама вярталі плату ў павялічаным памеры.

Нікому нічога не спісвалі ў масавым парадку, усё разглядалі індывідуальна. Колькасць аплат ў павялічаным памеры па сабранай суме проста не супастаўная з тым, што збіраюць за аплату дарогі. І гэта вельмі важна. Нас спрабавалі абвінаваціць, маўляў, вы зрабілі спецыяльна сістэму, якой карыстацца немагчыма, каб збіраць штрафы. З гэтым нельга ні па логіцы пагадзіцца, ні па фактах. Сістэма працуе наадварот. Яна збірае больш так, як павінна збіраць.

Сістэма вельмі разумная. Яна робіць за чалавека тое, што ні адзін штат ніякіх спецыялістаў зрабіць не ў стане. Фактар карупцыйны, ён тут адсутнічае ў прынцыпе. Сабраныя ў сістэме дадзеныя не распаўсюджваюцца і знаходзяцца ў закрытым доступе. Фотаздымкі транспартных сродкаў, якія карэктна аплачваюць праезд, у сістэме не захоўваюцца. Яны адразу знішчаюцца. Захоўваецца толькі тое, што сістэма дыягнастуе як праблему і калі ёсць парушэнне. І ўсё гэта захоўваецца на серверах на працягу трох гадоў пакуль не будзе разабранае.

Фармальна, карыстальнік, нават калі ён проста перасякае платную дарогу, павінен мець бартавую прыладу

Еўрарадыё: Аўтамабіль без нумароў толькі што набыты ў аўтасалоне парушае правілы, калі едзе па платнай дарозе?

Сяргей Буры: Калі ён ехаў па платнай дарозе, то парушаў правілы карыстання платнай дарогай і калі яму "пашанцавала" і яго спыніла транспартная інспекцыя, то парушэнне будзе сфарміраванае.

Еўрарадыё: Якім чынам, калі нумароў няма?

Сяргей Буры: Парушэнне будзе сфармаванае не сістэмай на рэгістрацыйны знак, а інспектарамі на ўладальніка.

Еўрарадыё: Як жа яго прызнаць парушальнікам, калі сістэма яго не зафіксавала па нумары?

Сяргей Буры: У яго няма прылады, ён едзе па платнай дарозе — гэта сто еўра. Калі яшчэ праз дзве гадзіны яго спыніць іншая машына транспартнай інспекцыі, і ён скажа: а я ўжо заплаціў! Але ўжо прайшло дзве гадзіны, мы маем права згенераваць новае парушэнне.

Еўрарадыё: Калі праскочыў, то пашанцавала?

Сяргей Буры: Так. Сістэма не можа яго вызначыць, толькі транспартная інспекцыя. Чым транспартная інспекцыя і займаецца, калі рухаецца транспартны сродак без нумароў.

Еўрарадыё: Без тэхпашпарта ён не можа атрымаць бартавое?

Сяргей Буры: Калі ў яго няма тэхпашпарта, ён па ідэі, асабліва не можа рухацца па дарогах, па платных тым больш. Я магу прывесці прыклад, наш супрацоўнік, кампаніі-аператара "Капш Тэлематыка Сервисиз", купіў аўтамабіль, яму трэба было да месца рэгістрацыі на Ждановічы перасякаць свае ж уласныя рамкі ім пастаўленыя, ён пагрузіў на лафет і павёз. Бо разумеў, што дзе б ні працаваў, ніякіх варыянтаў не будзе, калі яго без нумара спыніць для праверкі транспартная інспекцыя.

Еўрарадыё: Легальных варыянтаў акрамя як пагрузіць на аўтовоз няма?

Сяргей Буры: Калі ехаць па платнай дарагое, так. Ці ехаць па бясплатнай дарозе.

Еўрарадыё: А ці можна аб'ехаць?

Сяргей Буры: Платнай гэта дарогай можа быць вызначана толькі тая, калі ў гэтым жа накірунку існуюць альтэрнатыўныя шляхі. Гэта зусім не азначае, што дарога павінна быць такая ж па працягласці або зручнасці. Яна можа быць значна даўжэйшай і зусім не той якасці.

Еўрарадыё: Ці не збіраецеся неяк вырашаць гэтую праблему? Ці гэта рэдкія выпадкі?

Сяргей Буры: Рэдкія. І па вялікім рахунку, інспектары, калі ўбачаць такую машыну, маглі б паступаць як ДАІ, не караць. Але калі падыходзіць фармальна, то карыстальнік, які выехаў на платную дарогу, нават калі ён проста яе перасякае, павінен мець бартавое. Калі яго спыніць транспартная інспекцыя, яна таксама фармальна мае падставы прад'явіць яму неаплату, бо ён знаходзіцца на платнай дарозе. Такіх выпадкаў не было ў нас. Але можа рана ці позна з'явіцца прэцэдэнт.

Хоць бывае так, што сегмент платнай дарогі пачынаецца з нулявога кіламетра, напрыклад, на мяжы, а першая магчымасць набыць прыладу ў таго, хто перасёк мяжу і заехаў на платную дарогу, прадастаўляецца праз адлегласць 1-3 кіламетры. Па змоўчанні, транспартная інспекцыя пры ўездзе імкнецца не стаяць i не лавіць.

Еўрарадыё: Я бачыў, што стаяць.

Сяргей Буры: Гэта яны працуюць на выезд, закрываюць мяжу. А на ўезд спецыяльна не ловяць. У транспартнай інспекцыі іншыя задачы. Яны не павінны ствараць такія прэцэдэнты, дзе людзі не здольныя пазбегнуць парушэння. Звычайна, у такіх выпадках транспартная інспекцыя становіцца пасля першай рамкі.

Еўрарадыё: А чаму не паставілі пункты Белтол на мяжы?

Сяргей Буры: Існуе пастанову Саўміна. У зоне мытнага кантролю не могуць працаваць ніякія службы акрамя тых, якія непасрэдна звязаныя з працэдурай перасячэння мяжы. Там можа стаяць толькі мытня, памежнікі, у некаторых выпадках банк.

Ці будуць платнымі дарогі для звычайнага чалавека на сваім маленькім аўтамабілі? Не задумана гэта было з самага пачатку!

Еўрарадыё: Як часта бываюць выпадкі, калі аператар пры заключэнні кантракта памыляецца, напрыклад, у адной літары нумары аўтамабіля? І наколькі гэта з'яўляецца парушэннем?

Сяргей Буры: Рэдка. Але заканадаўства пабудаванае так, што карыстальнік павінен сам за гэтым сачыць і правяраць дакладнасць дадзеных, унесеных у дагавор. Існуе рэгламент ўзаемадзеяння паміж Белаўтастрадай, намі, як аператарам, і транспартнай інспекцыяй. У гэтым рэгламенце пазначана, якія менавіта памылкі пры персаналізацыі бартавой прылады падлягаюць задавальненню. Напрыклад, калі ідзе змешванне сімвалаў 0 і О, таму што сістэма не можа зразумець, што аператар памыліўся. У тых выпадках збіраецца камісія, прымаецца адпаведнае рашэнне, і транспартная інспекцыя вяртае грошы. Ніхто з людзей не можа адмяніць тое, што бачыць сістэма.

На тыя выпадкі, калі сістэме не ўсё ясна, кругласутачна працуюць аператары Цэнтра ручной праверкі здарэнняў. Яны адсочваюць выпадкі, дзе сістэма сумняваецца. Усе сумнеўныя выпадкі разглядаюцца аператарам і яго мэнэджарам і прымаюцца рашэнні.

Еўрарадыё: Наколькі сістэма эфектыўная?

Сяргей Буры: У яе ёсць пэўная хібнасць, пару адсоткаў, гэтыя працэнты пазначаныя ў інвестыцыйным пагадненні. Напрыклад, нумары, аблепленыя снегам, іх не ў стане распазнаць ні чалавечае вока, ні сістэма. Такіх выпадкаў мала, але бываюць. Падчас дрэннага надвор'я часам бываюць сітуацыі, калі сістэма не можа распазнаць рэгістрацыйны знак або сам факт праезду. Але настроеная сістэма такім чынам, што гэтых выпадкаў вельмі мала.

Наяўнай колькасці станцый збору аплаты і кантролю за зборам аплаты, плюс аўтамабіляў назірання за зборам аплаты транспартнай інспекцыі хапае, каб забяспечыць закладзеную ў інвестыцыйным дагаворы эфектыўнасць Яна цалкам выключае чалавечы фактар у прыняцці рашэнняў. Калі мы бярэм шлагбаўм, то шлагбаўм лёгка падняць. Можна напісаць запыт і нейкія аўтамабілі вызваліць.

Аснова сістэмы ў тым, што транспартны сродак большы за 3,5 тон, які перасоўваецца па дарогах, наносячы гэтым дарогам шкоду і перасоўваецца з мэтай здабывання камерцыйнага прыбытку, павінен плаціць. А мы, як грамадзяне, якія сваімі падаткамі праплацілі стварэнне гэтых дарог і не здабываюць з іх камерцыйную выгаду, павінны рухацца бясплатна. Задаюць пытанне, а ці будуць платнымі дарогі для звычайнага чалавека на сваім маленькім аўтамабілі? Не задумана гэта было з самага пачатку! Я не ведаю, што павінна здарыцца, каб гэта памянялася.

Фота: virtualbrest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі