Брагінская раёнка: Да нас некалькі гадоў маладыя спецыялісты даехаць не могуць
20 красавіка Інстытут журналістыкі будзе размяркоўваць сваіх выпускнікоў. Будуць слёзы, шмат вакансій з раённых газет, мала з Мінска. А вось як спрацавала мінулагодняе размеркаванне.
У Брагінскае раённае выданне “Маяк Палесся” маладыя спецыялісты з леташняга размеркавання не даехалі. Бо ўсе дзяўчаты выйшлі замуж. Свежыя кадры выданне не можа дачакацца ўжо некалькі гадоў!
“У тым годзе ніхто не прыязджаў, можа, паступілі кудысьці. І ў пазамінулым годзе дзяўчынкі не даехалі: адна паступіла ў магістратуру, іншая — выйшла замуж. У гэтым годзе будзем падаваць заяўку на адказнага сакратара і карэспандэнта”, — расказваюць у брагінскай раёнцы.
Будучаму карэспандэнту абяцаюць заробак у 260 рублёў і пакой у інтэрнаце. Пры гэтым сярэдні заробак па раёне амаль удвая больш — 510 рублёў 60 капеек.
Рэдакцыя газеты “Авангард” з Буда-Кашалёва летась таксама чакала маладую спецыялістку. І не дачакалася.
З мінулагодніх выпускнікоў журфака Еўрарадыё знаходзіць толькі адну дзяўчыну, якая даехала па размеркаванні да раённай рэдакцыі ў Беразіно. Хаця сама з Астраўца. Цяпер Юля адказны сакратар у газеце “Бярэзінская панарама”. Месца яна абірала, каб жыць бліжэй да Мінска, бо ездзіць туды трэба кожныя выходныя, да сяброў.
“Мне ўсё падабаецца, заробак нармальны, нават для Мінска. Інтэрнат прапаноўвалі, але я здымаю кватэру. Тут я займаюся сацыяльнай тэматыкай, пісала пра спартовыя спаборніцтвы паміж дзіцячымі садкамі, нядаўна быў матэрыял пра стагоддзе ЗАГСа”, — расказвае Юля.
Яе здымная кватэра каштуе каля 50 долараў за месяц, гэтыя выдаткі наймальнік не пакрывае. У Беразіно ў вольны час Юля ходзіць у спартовую залу і ў кіно.
Ці застанецца яна ў Беразіно, пакуль не ведае, павышэнне пакуль не прапаноўвалі.