Чаму мінчан не папярэджваюць пра вучэнні ў метро?
Інфармацыю аб вучэннях іх арганізатары распаўсюджваюць праз… твітар!
“Тэлефануйце Ластоўскаму (прэс-афіцэр ГУУС Мінгарвыканкама. — заўв. Еўрарадыё), ён вам усё раскажа. Дзякуй і да пабачэння”, — чую ад кіраўніка аддзела аховы Мінскага метрапалітэна Сяргея Карповіча ўвечары 23 верасня, калі палова горада абмяркоўвае нечаканае закрыццё станцыі “Плошча Якуба Коласа”. Спадар Карповіч нават не слухае, што ж я хачу запытацца, ён проста кідае слухаўку.
Яго раздражнёнасць можна зразумець: не я адзін спрабую высветліць сапраўдную прычыну больш чым гадзіннага прастою адной з самых ажыўленых станцый. Закрываюць яе а палове на чацвёртую гадзіну, а першыя афіцыйныя тлумачэнні сітуацыі з’яўляюцца толькі каля шостай вечара. Наколькі можна лічыць афіцыйнымі допісы ў твітары мінскай міліцыі і МНС. За гэты час сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-СМІ проста выбухнулі разнастайнай інфармацыяй. Пісалі і пра тэракт, і пра вучэнні, і нават пра ўцёкі з “амерыканкі” генеральнага дырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера.
Увечары ўдаецца пагаварыць з прэс-сакратаром МНС Віталём Навіцкім. Згодна з яго словамі, усе пытанні аб падзеях на станцыі метро “Плошча Якуба Коласа" варта накіроўваць міліцыянтам. Маўляў, правесці вучэнні ў “максімальна набліжаных да рэальнасці” ўмовах было іх ідэяй. МНС калі і праводзіць вучэнні, то звычайна паведамляе аб гэтым і мэтаў сваіх не хавае.
Яшчэ бліжэй да вечара 23-га чысла з’яўляецца афіцыйнае паведамленне пра вучэнні ў метро і на сайце ГУУС Мінгарвыканкама. У ім гаворыцца, што вучэнні прайшлі паспяхова.
“Сёння ў Мінскім метрапалітэне супрацоўнікі праваахоўных органаў спрабавалі выявіць і абясшкодзіць ўмоўнае выбуховае прыстасаванне. Задача выкананая — умоўны прадмет быў выяўлены і нейтралізаваны!”
За міліцыянтаў можна толькі парадавацца — ды вось што думаць дзясяткам тысяч людзей, якія на працягу некалькіх гадзін спрабавалі зразумець, што насамрэч адбываецца ў Мінску?
Тым часам міліцыі ў метро менш не стала і праз дзень пасля вучэнняў. І хоць спадар Ластоўскі ад каментароў адмаўляецца, шараговыя міліцыянты больш гаваркія. Расказваюць, што ў надзвычайным рэжыме будуць працаваць да 26-га чысла. Запытацца ў ахоўніка, відавочна, самы надзейны спосаб атрымаць хоць нейкую інфармацыю.