"Ці дойдуць нашы віншаванні да адрасаткі?" У Марыі Калеснікавай — дзень народзін

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава

Адна з галоўных гераінь пратэсту 2020 года палітзняволеная Марыя Калеснікава адзначае 24 красавіка дзень народзін. Ёй спаўняецца 42 гады. І гэта ўжо чацвёрты дзень народзін, які яна сустракае за кратамі, нагадвае Святлана Ціханоўская.

"Калі "рэжым з жанчынамі не ваюе", то як жа так атрымліваецца? Што гэта, калі не вайна?" — задаецца пытаннем Ціханоўская. Яна нагадвае, што родныя Марыі без сувязі з ёй ужо больш за год.

"І я не ведаю, калі нашы лісты і віншаванні дойдуць да адрасаткі. Ці дойдуць наогул? Але я ведаю напэўна, якому падарунку яна была б рада. Абдыміце тых, хто побач з вамі. Патэлефануйце тым, хто далёка. Будзьце адно ў аднаго. Памятаеце пра тое, што сказала Маша: "Любоў мацнейшая за страх", — адзначыла Святлана Ціханоўская.

У верасні 2020 года Марыю Калеснікаву спрабавалі гвалтоўна вывезці з краіны, але яна парвала пашпарт на памежным пераходзе. Пасля гэтага яе затрымалі. У канчатковым абвінавачанні фігуравалі тры артыкулы КК, у тым ліку "змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" і "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання". У верасні 2021 года ў будынку Мінскага раённага суда суддзя Сяргей Епіхаў прысудзіў Марыю Калеснікаву да 11 гадоў пазбаўлення волі. У студзені 2022 года яе перавялі ў гомельскую калонію.

У пачатку красавіка з'явілася інфармацыя, што амаль год Марыя знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі, яе трымаюць альбо ў ПКТ, альбо ў ШІЗА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі