Ці прэтэндуюць беларускія лёгкаатлеты на медалі чэмпіяната свету?

Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы распачынаецца ў Маскве з 10 жніўня. Склад нацыянальнай зборнай выглядае моцна абноўленым — 27 спартсменаў, 8 з якіх ужо ўдзельнічалі ў папярэднім сусветным першынстве, што праходзіла ў карэйскім Тэгу. Сёлета з зорак былых гадоў засталіся хіба алімпійская чэмпіёнка 2008 Аксана Мянькова (кіданне молата) і срэбны алімпійскі медаліст таго ж года Андрэй Краўчанка (дзесяцібор’е).

Цэлы шэраг некалі знакамітых спартсменаў, як, напрыклад, Надзея Астапчук і Андрэй Міхневіч, якія на папярэднім чэмпіянаце былі адзінымі, хто заваяваў медалі для Беларусі, выйшлі з абоймы пасля допінгавых скандалаў. Але ці зможа маладая змена выйсці на медальны ўзровень? Ці падзенне беларускай лёгкай атлетыкі ў прорву працягнецца?

“У нас сапраўды здарылася яма. Магчыма, гэта змена пакаленняў, — лічыць папулярная беларуская бягуха Аліна Талай. — Тыя спартсмены, каму было за 30, завязалі. А цяпер з’явілася шмат новых імёнаў. Мяркую, многія з іх таленавітыя. Штодня бачу, як людзі гарбеюць на трэніроўцы, яны едуць на чэмпіянат па найлепшы вынік. А праз год-два, мяркую, мы пачуем пра новыя імёны, і наша лёгкая атлетыка пачне адраджацца”.

У мінулым годзе Аліну Талай прызналі найлепшай лёгкаатлеткай Беларусі. Яна, выступаючы ў бегу з бар’ерамі, стала прызёрам шматлікіх чэмпіянатаў у памяшканні, узяла срэбра на першынстве Еўропы-2012.

“Да чэмпіянату ў Маскве падводзіліся, як і да іншых стартаў”, — працягвае Аліна Талай. — Калі пры такім надвор’і старт будзе днём ці раннім вечарам, гэта можа ўнесці карэктывы. Насамрэч вельмі горача, таму імкнёмся трэніравацца раніцай, каб не было такога пекла. Лепш, каб нават трошкі быў дожджык”.

Ёсць у зборнай і іншыя маладыя імёны, на каго варта звярнуць увагу. Марына Арзамасава (бег на 800 метраў) заняла трэцяе месца на апошнім чэмпіянаце Еўропы ў памяшканні і цэліць на паляпшэнне свайго выніку. На тых жа спаборніцтвах "бронзу" ўхапіла наша маладая штурхальніца ядра Алена Копец.

Кажуць, добрую форму набраў Аніс Ананенка (28 гадоў, бег на 800 метраў). Яго даўно лічаць “перспектыўным”, і нарэшце на нядаўнім міжнародным старце ён пабіў рэкорд Беларусі ўзору 1992 года. Шматборцы  Эдуард Міхан і Яна Максімава былі сусветнымі зоркамі на моладзевым узроўні, і вось спрабуюць адаптавацца на дарослых стартах.

“Амаль усе яны маладыя, але трапілі ў зборную за канкрэтныя заслугі. Гэтыя лёгкаатлеты паспяхова распачалі кар’еру, і чэмпіянат свету — працяг гэтага добрага старту”, — так кажуць пра склад зборнай у Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Нагадаем, што ў 2012 і 2013 гадах грымелі допінгавыя скандалы з удзелам беларусаў — Надзеі Астапчук, Івана Ціхана, Андрэя і Наталлі Міхневічаў, Ірыны Ятчанкі і іншых. З’явілася нават меркаванне, што медальныя поспехі беларускай лёгкай атлетыкі ў кідальных дысцыплінах былі ў значнай ступені звязаны са спажываннем забароненых рэчываў. Вядомы эксперт у галіне лёгкай атлетыкі Барыс Тасман не пагаджаецца з такім меркаваннем:

“Не беларуская лёгкая атлетыка, а ўвесь сусветны спорт заблукаў ўжо даўно і існуе па множных стандартах. І абвінавачваць у гэтым толькі нашых спартсменаў нельга. Хоць і ёсць тыя, каму можна прад’яўляць прэтэнзіі. І калі змяніліся падыходы да допінг-кантролю, мы бачым, як адзін за другім вылятаюць з гульні суперзоркі з ЗША і Ямайкі — Тайсан Гэй, Вероніка Кэмпбэл-Браўн, Асафа Паўэл і іншыя. Сусветны спорт знаходзіцца на зломе. Таму навошта абвінавачваць нашых у тым, што ёсць паўсюль? Нашы проста ўпісваліся ў агульную сістэму і жылі паводле агульных правілаў”.

Ужо цалкам вызначаны склад нашай зборнай на чэмпіянаце ў Маскве і праграма спаборніцтваў. Пазычым поспехаў нашай маладой камандзе.

Фота scoopweb.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі