Глыбоцкі аўтапарк зняў расійскую сімволіку з аўтобуса
Пасля скаргі незалежнага журналіста аўтапарк прыбраў расійскі сцяг з лабавога шкла рэйсавага аўтобуса.
Кастусь Шыталь, едучы на рэйсавым аўтобусе Глыбокае — Мёры, заўважыў, што на лабавым шкле побач з чырвона-зялёным сцягам стаіць трыкалор Расійскай Федэрацыі. Паводле слоў журналіста, гэта абразіла яго патрыятычныя пачуцці, таму ён вырашыў пакінуць скаргу ў глыбоцкай аўтастанцыі, расказвае Кастусь Шыталь:
“Напрыканцы красавіка я ехаў на аўтобусе Глыбокае — Мёры. Іду сядаць на аўтобус — і гляджу: на лабавым шкле расійскі сцяг і дзяржаўны чырвона-зялёны. Я гэта сфатаграфаваў, а потым, калі ў той жа дзень вярнуўся ў Глыбокае, зайшоў на аўтастанцыю і папрасіў Кнігу заўваг і прапаноў”.
У Кнізе скаргаў і прапаноў журналіст напісаў, што змяшчэнне расійскага сцяга ў аўтобусе недарэчнае і абражае яго нацыянальныя пачуцці. Кіраўніцтва аўтапарка аператыўна адрэагавала на скаргу і даслала журналісту адказ, у якім паабяцала, што будзе сачыць за экіпіроўкай сваіх аўтобусаў, працягвае Кастусь Шыталь:
“Праз некалькі дзён мне прыйшоў адказ, падпісаны дырэктарам аўтапарка: "На вашу заўвагу, пакінутую ў Кнізе заўваг і прапаноў на аўтастанцыі горада Глыбокае, паведамляем, што ў аўтобусе “Радзіміч” дзяржаўны нумар 5202 зняты сцяг Расійскай Федэрацыі і ў далейшым адміністрацыя аўтапарка будзе кантраляваць патрабаванні па экіпіроўцы аўтобусаў”.
Кастусь Шыталь лічыць гэта сваёй невялікай перамогай і дадае, што калі б грамадзяне былі больш актыўнымі і часцей звярталіся ў дзяржаўныя ўстановы па розных пытаннях і з рознымі патрэбамі, то маглі б больш уплываць на дзеянні як органаў улады, так і прадпрыемстваў ды камерцыйных структур. І такім чынам пашыраць поле беларускасці, вырашаць лакальныя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца штодня.
Фота: euroradio.fm
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма