Калякін: Апроч Лукашэнкі ніхто не сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў
Рэгістрацыя Таццяны Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты стане сведчаннем таго, што яна пайшла на здзелку з уладай, заяўляе лідар беларускіх левых.
Лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін паведаміў, што за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты сабрана крыху больш за 64 тысячы подпісаў з неабходных 100 тысяч. Гэтыя вынікі кампаніі па зборы подпісаў ён агучыў сёння журналістам. Асноўнай прычынай правалу называе палітычную апатыю беларускага грамадства і страх.
Калякін таксама ўпэўнены, што апроч Лукашэнкі ніхто з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду не сабраў патрэбную колькасць аўтографаў грамадзян.
Калякін: “Сёння ніводная кампанія не сабрала неабходныя 100 тысяч подпісаў. За выключэннем Аляксандра Лукашэнкі. Што тычыцца Таццяны Караткевіч, то яе ўдзел у выбарах, яе рэгістрацыя для мяне стане сведчаннем, што яе каманда пайшла на здзелку з уладай. У тым выпадку, калі каманда Караткевіч пойдзе на здзелку з сумленнем і з уладай, то мы не будзем больш разглядаць “Гавары праўду” як дэмакратычную арганізацыю і спынім з ёй усялякія палітычныя кантакты. Мы іх будзем разглядаць у адным шэрагу з праўладнымі арганізацыямі, такімі як “Белая Русь”, БРСМ і гэтак далей”.
Тых людзей, якія за яго падпісаліся, Калякін заклікае галасаваць супраць усіх.