Кантора па напісанні курсачоў: Па курсавыя прыходзяць па 10 чалавек у дзень
Гуманітарыі кажуць пра кожнага пятага студэнта, які набывае курсачы, а фізікі-ядзершчыкі ўпэўніваюць, што набыць работу па іх спецыяльнасці немагчыма.
На кафедры ядзернай фізікі БДУ пытаем: ці часта студэнты набываюць курсавыя работы замест таго, каб пісаць самім?
“У нас на фізфаку гэта немагчыма. Курсавыя, дыпломныя — індывідуальныя работы ў нас, без паўтарэнняў, яны ніколі не выконваліся раней, і пазней не будуць выконвацца”, — упэўніваюць Еўрарадыё на кафедры ядзернай фізікі.
Але ў першай жа канторы, дзе робяць курсавыя на замову, пагаджаюцца напісаць работу менавіта для гэтай кафедры.
“Не танна будзе. Можа, мільён рублёў каштаваць будзе. Такія работы дастаткова складаныя. Але мы знойдзем вам аўтара”, — адказваюць у канторы.
І просяць напісаць імя выкладчыка, хто будзе правяраць, бо ўжо ведаюць падыход!
Кошты на навуку вагаюцца: курсавая каштуе ад 300 тысяч рублёў да мільёна. Дыплом зацягне на два мільёны рублёў. І кліентаў хапае!
“У дзень да нас звяртаецца да 10 чалавек па курсавыя”, — падлічваюць “майстры” курсавых.
І дадаюць, што не трэба губляць час на іх напісанне, можна заняцца карыснымі справамі. Толькі грошы давай.
Курсавая на замову распазнаецца элементарна, адразу гаворыць выкладчык гістфака БДУ Лявон Казакоў.
“У большасці выпадкаў чалавеку пачынаеш задаваць пытанні наконт курсача і, калі, ён адказвае, то пісаў сам, а калі наадварот — набываў. Калі я з такім сутыкаюся — адпраўляю на дапрацоўку, а там ужо гляджу”, — расказвае Лявон.
Паводле яго падлікаў, курсавыя набывае кожны пяты студэнт. Але на пераздачу адпраўляць яшчэ не прыходзілася.
За набытую работу і адзнака меншая, узгадвае студэнтка Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта Кацярына. За курсач па вэб-дызайне яна мае толькі чатыры балы, хоць і пабяднела на 50 долараў.
“У мяне тады не было часу, дый я не разбіралася ў гэтым, мне было прасцей замовіць. Але той, хто сам робіць, яму прасцей абараніцца. Мне паставілі мінімальную адзнаку, бо там жудасная курсавая была, дый выкладчык яе амаль не глядзеў”, — прызнаецца Еўрарадыё Кацярына. Пашанцавала.
Дарэчы, за пераздачу курсавой работы, калі да гэтага дойдзе, прыйдзецца таксама заплаціць. У БДТУ, напрыклад, гэта каштуе ў раёне 50 тысяч рублёў. І чым вышэй ступень у выкладчыка, тым даражэй.
Фота: kabbalah.info