Класкоўскі: З-за Крыма Лукашэнка ў выйгрышы як з Захадам, так і з Расіяй

Як вядома, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву BNS міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей распавёў пра зацікаўленасць афіцыйнага Мінска ў тым, каб Украіна заставалася стабільнай і тэрытарыяльна цэласнай. Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць такую пазіцыю мяккай крытыкай Расіі.

Валерый Карбалевіч: “У такой сітуацыі проста ясна падтрымліваць Расію — гэта выдаваць сябе як сатэліта поўнасцю, што для Лукашэнкі таксама не вельмі зручна. Я думаю, гэта тая лінія, якая будзе працягвацца і далей. Іншая справа, што калі Расія паставіць пытанне ва ўльтыматыўнай форме: альбо падтрымка Расіі, альбо не будзе крэдытаў, — вось як тады сябе павядзе Лукашэнка — гэта пытанне”.

Між іншым, пасля інтэрв’ю міністра пачаліся размовы аб спробах беларускіх уладаў наладзіць кантакты з ЕС на фоне непрыемных украінскіх падзей. Але такую “размарозку адносінаў” можна лічыць планавай. Прынамсі, Валерый Карбалевіч нічога дзіўнага ў ёй не бачыць. Эксперт агучвае меседж, які беларускія ўлады хочуць данесці да Бруселя:

“То бок Беларусь стабільная, у адрозненне ад Украіны, тут ніякіх не будзе праблем з транзітам, з барацьбой са злачыннасцю, наркатрафікам і гэтак далей. Прапануецца вырашаць прагматычныя праблемы ў адносінах Еўрасаюза і вынесці за дужкі пытанне правоў чалавека. То бок давайце размарожваць, але на нашых умовах”.

А міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі спрабуе растлумачыць, што атрымае Расія, калі па выніках рэферэндуму Крым пашырыць свае паўнамоцтвы альбо абвесціць незалежнасць.

Раман Якаўлеўскі: “Створыцца другое Прыднястроўе, без усялякага міжнароднага статуса. І, безумоўна, калі гаворым пра кантроль Турцыі над Дарданэламі, яно згодна з міжнародным пагадненнем, а Крым, не з’яўляючыся міжнароднай адзінкай, не будзе пад гэтыя пагадненні трапляць. Ну і куды яны будуць выходзіць? Для іх будзе зачынены выхад з Чорнага мора”.

Эксперт кажа, што Турцыя не дапусціць павелічэння расійскага ўплыву ў Чарнаморскім рэгіёне, бо сама мае там інтарэсы.

А вось аналітык Аляксандр Класкоўскі, праглядзеўшы прэс-канферэнцыю Уладзіміра Пуціна, кажа, што ствараецца ўражанне, нібыта Крэмль паціху “адкручвае назад”. Да таго ж прычынай змены стратэгіі можа быць не толькі незадаволенасць Захаду, а таксама і званкі да… кіраўнікоў Беларусі і Казахстана.

Аляксандр Класкоўскі: “Можна меркаваць, што ўсё ж такі і Назарбаеў асабліва, і Лукашэнка ў пэўнай ступені, так бы мовіць, упёрліся рогам і выказвалі свае пярэчанні. Беларусь не зацікаўлена псаваць адносіны з Украінай пры любой уладзе”.

Але ўсё роўна сітуацыя ў Крыме застаецца напружанай, таму Класкоўскі спадзяецца, што ўдасца пазбегнуць правакацый. Лукашэнка ж, на яго думку, апынуўся ў выйгрышнай пазіцыі, так нічога і не зрабіўшы.

Аляксандр Класкоўскі: “Як ні парадаксальна, Лукашэнка, не ўдарыўшы палец аб палец, выйграе патэнцыйна ў адносінах як з Масквой, так і з Захадам. Таму што Еўрасаюз, таксама напалоханы гэтымі падзеямі, можа трошкі іншымі вачыма зірнуць на гэту апошнюю дыктатуру”.

Увогуле ж маштабна ваяваць ва Украіне Расія не збіралася, мяркуе Аляксандр Класкоўскі. Хутчэй за ўсё, Масква спрабуе паказаць сваю сілу, каб пасля можна было весці палітычны гандаль з больш выгадных пазіцый.

Фота: telegraph.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі