“Крама” запісвае cвой лепшы альбом (фота, відэа)

Першыя паведамленні пра тое, што “Крама” працуе над новым, сёмым па ліку альбомам, з’явіліся яшчэ на пачатку 2010 года. Але творчыя непаразуменні паміж музыкамі так і не дазволілі яе скончыць. За гэты час у СМІ некалькі разоў прасочвалася інфармацыя пра аднаўленне запісу, але фактычнага пацверджання яна не мела.

І вось, нарэшце, пасля амаль чатырохгадовай паўзы “Крама” зноў засела ў студыі. Ужо нават назва новага альбома на 99% зацверджаная — “Белая вада”.

“Праца вельмі расцягнулася, спынілася яна пасля Плошчы, — узгадвае Ігар Варашкевіч і тлумачыць выбар назвы для дыска. — У мяне тады было жаданне нешта прысвяціць Плошчы, але матэрыял ужо быў гатовы, і нешта перарабляць… А тут Майдан… Карацей, напрамую альбом не палітычны, але там ёсць, як заўсёды ў нас, пэўныя іранічныя рэчы. Таму я і вырашыў, што патрэбная назва нейтральная. Не таму, што мы нечага баімся! Проста майму ўзросту, узросту гурта больш пасуе нешта больш разважлівае, у сэнсе не паддавацца эмоцыям”.

Ігар Варашкевіч, Андрэй Лявончык

Сяргей Трухановіч, Аляксандр Ванкевіч

Да таго ж, песню “Белая вада” на словы Змітра Лукашука (аўтара асноўных хітоў гурта) Ігар Варашкевіч лічыць хіба не самай удалай па мелодыцы, настроі ды аранжыроўцы. Менавіта падчас запісу гэтага трэку Еўрарадыё і наведала студыю Mapletree. У ролі саўнд-прадзюсара выступае гітарыст гура Сяргей Трухановіч, ён кіруе працэсам, і, відаць, што “творчыя непаразуменні паміж музыкамі” засталіся ў мінулым. Абмеркаванні, як і што дадаць, каб палепшыць гучанне песні, пастаянна перарываюцца жартамі, смехам і перасцёбваннем уласнага матэрыялу.

“За ўсю гісторыю “Крамы” мяне на 100% не задавальняе гучанне ніводнага альбома, — прызнаецца Ігар, — больш-менш “Усё жыццё — дзіўны сон” (2007), але і там ёсць свае пытанні: практычна ўсім на ім займаўся Сяргей Трухановіч, а калі ўсё робіць адзін чалавек — не зусім правільна. Новы альбом мы запісвалі ў іншым месцы, і чатыры песні нам зрабіў Зміцер Дзямідаў. Але цяпер мы пераробліваем іх з Аляксандрам Папроцкім, які калісьці запісаў нашы першыя чатыры песні”.

Старыя варыянты “Дзякуй богу, але мы ідзем дамоў”, “Дзяўчынка” і “З новым годам” можна знайсці ў інтэрнэце. Ігар кажа, што калі іх параўноўваць з новым гучаннем, то не адразу разумееш, што гэта адны і тыя ж песні. Агулам жа на дыску будзе 8-9 трэкаў, 7 з якіх ужо амаль гатовыя. Апроч новых песень музыкі вырашылі "зрабіць рэанімацыю адной са старых кампазіцый". Пакуль сярод прэтэндэнтах “Канада”, “Што ты шукаў” ды “Вецер жыве ў травах”.

"У нас даволі традыцыйны стыль, і чакаць чаго-небудзь такога, што будзе кардынальна адрознівацца ад ранейшых запісаў, не трэба, — працягвае разважаць пра важнасць гучання лідар “Крамы”. — Галоўнае адрозненне — гук! Звычайна як бывае, любяць і слухаюць толькі дэбютны альбом гурта, астатнія — нібы дадатак. Мы гэтага можам дасягнуць якасцю гучання. Таму, як заўсёды, спадзяюся, што наш новы альбом будуць слухаць так жа, як і дэбютны, што ён стане лепшым, тым больш, у ім усё для гэтага ёсць".

Дарэчы, паралельна “Крама” здымае кліп на песню “Дзяўчынка”. Ужо гатовыя кадры з музыкамі, якія рабіліся ноччу ў “Тэатры беларускай драматургіі”. Засталося толькі папрацаваць з галоўнай гераіняй, якая паводле сюжэту марнуе сваё жыццё. Праўда, фінансавыя складанасці, на жаль, не дазваляюць назваць нават прыблізную дату рэлізаў.

“Добра, што хоць з месца зрушыліся! — на развітанне кажа Варашкевіч. — Усё ж, тры гады праца стаяла…”

Бліжэйшы выступ гурта адбудзецца 24 красавіка ў клубе Tarantino падчас уручэння ўзнагарод Rock Profi. Дарэчы ўжо вядома, што "Крама" атрымае прыз "За ўнёсак у беларускі рок".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі