Куды ідзе сабранае збожжа: 1,5 млн тон на хлеб і спірт, астатняе — жывёле

"У Беларусі намалацілі 8 мільёнаў тон збожжа", — радасна паведамляюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Разбіраемся, куды яно пойдзе і ці хопіць нам гэтых мільёнаў.


На хлеб, булачкі і батоны ідзе 1,1 мільёна тон. Разам са спіртам ды іншымі вырабамі будзе 1,5 мільёна тон. Столькі трэба нашым людзям на год, да наступнага ураджаю, па падліках міністэрства сельскай гаспадаркі.


"Мы зерне не экспартуем, гэта на унутраныя патрэбы. 1,5 мільёна тон — для патрэб людзей, астатняе на корм жывёле — каля 7,5 мільёнаў тон".


Летась у Беларусі сабралі 9 мільёнаў тон. І з іх паўмільёна па сёння ляжыць у свіранах.


"Жывёлагадоўля не можа даць дакладную лічбу, зерне ж не даецца ў чыстым выглядзе. У нас яшчэ каля паўмільёна тон мінулагодняга зерня. Але яно не псуецца амаль, добра захоўваецца. Нават насенне захоўваецца два гады", — апісваюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі.


Зерне ляжыць у свіранах, але мы яго завозім нават з ЗША. За мінулы год мы экспартавалі 247 тон трыцікале і 4 тысячы кілаграмаў іншых зерневых. Агулам мы заплацілі за гэта 160 тысяч долараў, па падліках Белстата.


На хлебазаводах, куды звяртаецца Еўрарадыё, у адзін голас адказваюць: "Карыстаемся мукой з беларускага зерня". Нават прыватная кампанія Boulangerie карыстаецца беларускай мукой, так танней.


"Гэта дзеля таго, каб не вельмі дарагі быў наш прадукт, каб людзі маглі яго набываць, бо везці муку з-за мяжы дорага", — адказваюць у Boulangerie.


Пры гэтым летась Беларусь экспартавала 28 тысяч тон мукі на 9 мільёнаў долараў.


У Аўстрыі збожжа збіраюць на траціну менш, чым у Беларусі, і прадаюць яго за мяжу, падлічвае эканаміст Міхаіл Залескі:


"Аўстрыі хапае, і яны яшчэ экспартуюць. Нам трэба глядзець, колькі мы трацім збожжа на кілаграм свініны ці ялавічыны. Мы не падлічваем гэтага. А тут менавіта і трэба шукаць праблему. Бо тут неэфектыўнасць гаспадаркі, збожжа не ашчаджаецца, бо на вёсцы няма гаспадара, там асвойваюць рэсурс".


А мы збожжа не экспартуем, бо — "стратэгічны прадукт".

Фота: postfactum.ks.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі