Матолька: Акцыя была мірнай, але міліцыя дзейнічала жорстка і груба

Еўрарадыё: Ты шмат бачыў акцый. Якія ўражанні засталіся пасля ўчорашняй акцыі?

Матолька: “Яна безумоўна была мірнай і негвалтоўнай. Калі людзі ў каментарыях пішуць, што, маўляў, у Еўропе людзей разганяюць з дапамогай слезацечнага газу і дубінак, то яны прымяняюць сілу, калі самі дэманстранты прымяняюць сілу і ладзяць пагромы. У дадзеным выпадку, быў звычайны вечар серады і звычайныя грамадзяне без сімволікі, без налепак проста ішлі па вуліцах. Ніякага гвалту з іх боку не было. Таму перавышэнне паўнамоцтваў, якія відаць і на відэа і на фотаздымках, зробленых як мной так і іншымі людзьмі, гэта ў чарговы раз даказвае”.

Еўрарадыё: Мы бачылі твае здымкі двух затрыманняў. Як можаш ахарактарызаваць паводзіны міліцыі ў параўнанні з мінулай серадой?

Матолька: “У гэты раз агрэсіі і на тварах, і “на словах” супрацоўнікаў міліцыі было на парадак больш. Мінулы раз, калі я здымаў гэтую акцыю, людзі спакойна ставіліся, з разуменнем – яны выконвалі сваю працу, стараліся не перавышаць свае паўнамоцтвы, то на гэты раз у самым пачатку акцыі, калі пачалі жорстка затрымліваць як супрацоўнікаў СМІ, так і звычайных людзей, было зразумела, што скончыцца ўсё не так весела, як у мінулы раз. Нават журналістаў бралі пад грабёнку, адкідвалі сваімі моцнымі рукамі жанчын, маіх калегаў. У гэты раз было больш жорстка і груба з боку супрацоўнікаў міліцыі”.

Еўрарадыё: Ты таксама здымаў, як малады чалавек спачатку проста ідзе, а супрацоўнікі міліцыянтаў кідаюцца на яго. Як атрымалася так зняць?

Матолька: “Мы знаходзіліся з калегамі на мосце, калі распачаліся першыя затрыманні. Калі людзі ў чорным пераходзілі дарогу, проста было відаць, што яны ідуць некуды мэтанакіравана. Таму я звярнуў на гэта ўвагу і проста вёў іх на аб’ектыве. Можна паглядзець па самых першых кадрах, што хлопец, якога затрымалі, ён не ў цэнтры кадра, ён быў збоку. Я здымаў канкрэтна супрацоўнікаў міліцыі і людзей навокал. А далей атрымалася так, што затрыманне цалкам аказалася на фотаздымках, ад самага пачатку і да канца. Затрыманне было вельмі жорсткае. Дай бог, каб у хлопца з шыяй усё было добра... Мужчына на яго ззаду проста наскочыў, ударыў па шыі рукой. Пасля заваліў, і далей ужо адбылося затрыманне аднаго чалавека шасцю супрацоўнікамі міліцыі”.

Фота: Наталья Обложей

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі