Музей Максіма Багдановіча ў Гродне ператвараюць у літаратурны аддзел
Пра гэта стала вядома 9 снежня, у дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры.
Нагадаем, што мінскі літаратурны музей Багдановіча губляе самастойнасць і стане філіялам Музея гісторыі беларускай літаратуры.
Як піша Гродзенскі блог s13.ru, з 1 студзеня 2014 года гродзенскі музей Багдановіча стане літаратурным аддзел мясцовага гісторыка-археалагічнага музея. Такім чынам, установа культуры вернецца да таго стану, з якога і пачало сваё існаванне ў 1986 годзе. Толькі з 1995 года музей пачаў працаваць як самастойная ўстанова культуры.
Як і ў Мінску, рэарганізацыя праводзіцца паводле ўказу Лукашэнкі №168 пра скарачэнне дзяржапарата: з 1 студзеня 2014 года лік супрацоўнікаў музея скароціцца на 20%. Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча ў Гродне занепакоеныя тым, што яны могуць страціць працу, калі іх папросту заменяць работнікамі гісторыка-археалагічнага музея.
Дарэчы, летась плошчу музея пачалі рыхтаваць да пашырэння. А вось помнік класіку літаратуры, ініцыяваны Мінкультам, за два з паловай года ў Гродне так і не паставілі.
Фота — ctv.by