Паганяйла: Каля траціны асуджаных знаходзяцца ў турмах незаконна

  Клетка ў зале суда – штучна створаная сітуацыя, мэта якой прынізіць чалавечую годнасць.


Еўрарадыё: У вас не ўзнікае адчування нейкага падабенства паміж судовымі працэсамі над Сашам Варламавым, кіроўцам, які збіў школьніка, і Кавалёвым з Канавалавым?

Гары Паганяйла: На жаль, шмат па якіх крымінальных справах, якія разглядаюць суды Беларусі, такія вось адчуванні прысутнічаюць. Перш за ўсё, відаць, таму, што большасць матэрыялаў расследуецца вельмі нядбайна. Следчыя не абцяжарваюць сябе намаганнямі здабыць 100% доказы, праверыць іх падчас расследавання, падмацаваць рознымі звесткамі, якія б былі на карысць той версіі, якая выкладзеная ў абвінавачвальным заключэнні. Таму калі ў судах публічна адбываецца даследаванне і праверка гэтых доказаў на дакладнасць, дастатковасць, сумяшчальнасць іх з іншымі дадзенымі следства – тут машына і буксуе. Але пры гэтым мы часцяком чуем абвінавачвальныя прысуды па такіх справах, а касацыйныя інстанцыі пакідаюць гэтыя прысуды нязменнымі, не звяртаючы ўвагу на недакладнасць следства і адсутнасць неабвержных і моцных доказаў віны.



Еўрарадыё: Нават ААН запатрабавала ад нашай краіны, каб з залы суда прыбралі клетку, каб у ёй не знаходзіліся людзі, віна якіх судом яшчэ не прызнаная. Але гэтага не адбываецца. Чаму?

Гары Паганяйла: Праваабаронцы неаднаразова звярталіся ў суды, каб клеткі прыбралі. Але гэта яшчэ савецкая традыцыя. Справа ў тым, што змешчаныя пад варту ў следчыя ізалятары людзі знаходзяцца, так бы мовіць, у руках органаў выканання пакарання. І камандуе там канвойная служба, якая прыводзіць у суд абвінавачаных і ажыццяўляе іх ахову. У той жа час, у Крымінальным кодэксе не прапісаны парадак – дзе павінен знаходзіцца абвінавачаны падчас разгляду справы судом. І гэтым карыстаюцца канвойныя службы! Але ж гэтыя клеткі зневажаюць чалавечую годнасць. Бо перад судом – асоба не вінаватая і гэтыя клеткі парушаюць прынцып прэзумпцыі невінаватасці, закладзены у Канстытуцыі. Да ўсяго – гэта не гуманна, калі чалавек з клеткі глядзіць на суддзяў, свайго адваката, сваякоў. І там няма нават стала, дзе ён мы мог бы пакласці свае запісы, прыладкавацца, каб нешта запісваць падчас разгляду справы. Уся гэтая “карцінка” не стварае ўражання, што суд аб’ектыўна, нармальна разглядае справу і вырашае пытанне аб вінаватасці ці невінаватасці той ці іншай асобы. Але на ўсе звароты мы атрымліваем адказы, што Крымінальным кодэксам гэта пытанне не ўрэгуляванае, нейкімі загадамі Мінюста, які адказвае за арганізацыйнае забеспячэнне дзейнасці судоў, таксама. А гэтыя традыцыі нібыта спрыяюць падтрыманню парадку аховай у зале суда, пазбаўляюць абвінавачанага магчымасці ўцячы ці нанесці нейкую шкоду суддзям ды іншым прысутным.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што суддзя можа прыняць рашэнне, каб абвінавачаны не сядзеў у клетцы? І міліцыянеры з аховы не могуць яму запярэчыць?

Гары Паганяйла: Суддзя адказвае за арганізацыю судовага працэсу і мае права вызваліць чалавека з клеткі і перасадзіць яго, да прыкладу, на першую лаву. А задача службы аховы – даставіць абвінавачанага ў суд і з суда. За ўсё, што адбываецца ў зале суда, нясе адказнасць суддзя, які разглядае справу. Службе аховы трэба будзе толькі правільна арганізаваць нагляд за абвінавачаным. І ўсё! Клетка ў зале суда – штучна створаная сітуацыя, галоўная мэта якой – прынізіць чалавечую годнасць.

Еўрарадыё: У нас што – уся судовая сістэма на гэта “заточаная”?

Гары Паганяйла: Не. У шэрагу судоў Віцебскай вобласці клеткі замянілі на кабінкі, зробленыя з арганічнага шкла. Гэта паказвае, што калі да пытання клеткі падысці нармальна, то яно дастаткова лёгка вырашаецца.



Сапраўды, ёсць людзі, ад якіх можна чакаць усяго, розных непрыемнасцяў. Ці ёсць звесткі, што яны гэтыя непрыемнасці рыхтуюць. І такіх часам нават судзяць проста ў ізалятары. Але той жа Варламаў падчас следства захварэў, прызнаны інвалідам, ніякіх звестак, што ён паспрабуе збегчы, няма. Таму, у суда ёсць усе падставы вызваліць яго з-пад варты.


Часам, усё гэта робіцца выключна для таго, каб з дапамогай органаў юстыцыі знішчыць няўгоднага чалавека


Еўрарадыё: Мы ў чарговы раз чуем, што абвінавачанаму следчыя “затыкалі рот”, пастаянна сутыкаемся з інфармацыяй, што сведкаў прымушаюць даваць неабходныя следству сведчанні, а падазраваных – прызнавацца ў злачынстве. Яшчэ адна хвароба “з савецкіх часоў”?

Гары Паганяйла: Я ўжо казаў пра нядбайнае расследаванне справы. Але ёсць яшчэ адно – фальсіфікацыя, па сутнасці, спраў. Калі інспіруецца пачатак крымінальнай справы нават тады, калі няма крымінальнай дзеі, пацярпелых прымушаюць даваць патрэбныя следству паказанні, прымушаюць абвінавачанага прызнавацца ў здзейсненых і няздзейсненых злачынствах. І таму я не здзіўляюся, калі такога кшталту абвінавачванні мы чуем і такога кшталту працэсы мы бачым. Калі яны проста “развальваюцца” ў судзе – пацярпелыя кажуць не тое, што замацавана ў матэрыялах справы, абвінавачаныя адмаўляюцца ад прызнання, кажа, што яно было “выбіта”, сведкі прызнаюцца, што пад пагрозай вымушаныя былі абылгаць падазраванага. Часам, усё гэта робіцца выключна для таго, каб з дапамогай органаў юстыцыі знішчыць няўгоднага чалавека. І гэта я нават не кажу пра палітычна матываваныя справы, калі ўлады “замаўляюць” палітычнага ці грамадскага актывіста.

Еўрарадыё: Адначасова мы даведваемся пра факты, калі кіраўнік краіны сваім указам вызваляе некага ад крымінальнай адказнасці… Маўляў, кампенсаваў дзяржаве нанесеную шкоду, і гуляй!

Гары Паганяйла: Сапраўды, ён мае на гэта права ў адпаведнасці з унесенымі ў крымінальна-працэсуальнае заканадаўства зменамі. Прабачыць чалавека могуць такім чынам яшчэ да суда. Але кіраўнік краіны вельмі пераборліва карыстаецца гэтым сваім правам. Часцяком – у дачыненні да чыноўнікаў вельмі высокага рангу. З другога боку, мы бачым, з якім нежаданнем вызваляюцца ад адказнасці нашы палітыкі і актывісты грамадзянскай супольнасці. Можна ўзгадаць Бяляцкага, Статкевіча, Дашкевіча, Севярынца. І другая праблема – прэзумпцыя невінаватасці. Калі чалавек да суда і без суда вымушаны сплаціць дзяржаве запатрабаваную кампенсацыю. Хоць, магчыма, ён гэта злачынства альбо не здзяйсняў, альбо – не на тыя сумы, якія яму выстаўляюцца. Але пад пагрозай будучага пакарання ён вымушаны плаціць запатрабаванае. А гэта – сведчанне недаверу да нашага правасуддзя.


 

   Дзяржава не жадае выконваць агульнапрынятыя нормы паводзінаў у дачыненні да сваіх жа грамадзян!


Еўрарадыё: З-за нежадання адмаўляцца ад смяротнага пакарання нашу краіну не бяруць у Савет Еўропы. А з-за таго, што мы не выконваем рэзалюцыі ААН і Страсбургскага суда па правах чалавека – не прыбіраем клеткі з суда, мы нешта губляем?

Гары Паганяйла: Мы насамрэч шмат губляем ад таго, што не ўваходзім у склад Савета Еўропы. Гэты Савет распрацаваў шмат станоўчых прынцыпаў і рэкамендацый, на якіх будуецца і судовая сістэма, і сістэма турмаў. Гэта – прынцып вяршэнства закона, падзелу ўладаў, незалежны суд, незалежная прэса, правы чалавека. Каб увайсці ў Савет Еўропы нам неабходна заканадаўча замацаваць гэтыя прынцыпы і адмовіцца ад расстрэлу. Не важна, што выкарыстоўваем вышэйшую меру мы дастаткова рэдка. І тое, што Беларусь не выконвае рэзалюцыі міжнароднай супольнасці, якія закліканы матываваць дзяржаву да выканання правоў чалавека, паказвае стаўленне нашай дзяржавы да гэтых інстытутаў. І нежаданне выконваць агульнапрынятыя нормы паводзінаў у дачыненні да, найперш, сваіх жа грамадзян!

Еўрарадыё: Варламава мы ўбачылі на судзе з кійком, на здароўе скардзяцца Статкевіч, Дашкевіч, хворымі выйшлі на свабоду Бандарэнка, Някляеў, Саннікаў. Зразумела, што за кратамі – не курорт, але да такой ступені?!
 
Гары Паганяйла: У следчых ізалятарах да суда знаходзяцца людзі невінаватыя. І дзяржава абавязаная забяспечыць іх умовамі, пры якіх у іх будзе нармальная медыцынскае абслугоўванне, годнае стаўленне супрацоўнікаў, нармальныя санітарныя нормы і нормы харчавання. Але асабліва ў нашых ізалятарах усе гэтыя нарматывы і прынцыпы парушаюцца. Менавіта таму ў пенітанцыярных установах захворванне на сухоты ў 20 разоў вышэй, чым у звычайных умовах. Умовы ўтрымання ў следчых ізалятарах проста небяспечныя для жыцця. І дзяржава не робіць нічога для таго, каб палепшыць умовы знаходжання там людзей. І вельмі рэдка суд вызваляе людзей, якія былі ўзятыя пад варту – і па абскарджванні арышту, і па прысудах. А лічбы сцвярджаюць: па крымінальных справах, па якіх было папярэдняе расследаванне, апраўдальныя прысуды складаюць 0,33%. Практычна – гэта адсутнасць апраўдальных прысудаў. Наша правасуддзе не працуе такім чынам, каб у выпадку недастатковасці доказаў апраўдаць чалавека. А ў суседзяў, у заходніх краінах гэтая лічба даходзіць да 10-15%. У нас суды вельмі рэдка займаюцца тым, чым абавязаныя найперш – крытычным даследаваннем прадстаўленых доказаў. Кожны сумнеў у даказанасці нейкага факта ці эпізода павінен трактавацца на карысць абвінавачанага. Але нашай судовай практыкай гэты прынцып не пацвярджаецца. Прычым не толькі ў выпадку судоў першай інстанцыі, але і ў выпадку касацыйных і наглядных інстанцый. Па звестках праваабаронцаў, каля адной траціны асоб, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, знаходзяцца там незаконна. Па прысудах, якія не пацверджаныя дастатковымі доказамі вінаватасці.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі