Палітолагам дасылаюць лісты аб тым, што Лукашэнка не пойдзе на выбары

Адразу тры лісты ад нібыта расійскіх СМІ атрымаў цягам вечара беларускі палітолаг Аляксандр Фядута. Ва ўсіх яго прасілі пракаментаваць адну і тую інфармацыю, атрыманую з “надзейных крыніц”: нібыта Аляксандр Лукашэнка не будзе браць удзел у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. І што замест сябе дзеючы кіраўнік Беларусі будзе прасоўваць кандыдатуру міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
 
“Як нам стала вядома з надзейных крыніц, Аляксандр Лукашэнка не будзе браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Ён мае намер падтрымаць кандыдатуру Уладзіміра Уладзіміравіча Макея. Вы не маглі б даць вельмі тэрміновы каментарый?” — піша на пошту Аляксандра Фядуты нехта, прадстаўляючыся карэспандэнткай тэлеканала LifeNews.
 
 
І просіць пракаментаваць, “з чым звязанае такое рашэнне кіраўніка Беларусі?”, “якія наступствы гэта будзе мець для Расіі і расійска-беларускіх адносінаў?”, “ці задаволіць Уладзімір Макей Маскву?”, “ці азначае гэта разварот у знешняй палітыцы Беларусі?” і гэтак далей.
 
Лісты падобнага зместу з невялікай розніцай па часе прыйшлі беларускаму палітолагу яшчэ і нібыта з “Мядузы”, і з gazeta.ru. Сам Фядута не верыць, што за каментарыем звяртаюцца менавіта журналісты названых СМІ. “Лісты прыйшлі з левых мэйлаў — нават не з карпаратыўных скрыняў!”
 
 
Адказваць на атрыманыя лісты і даваць каментарый Аляксандр Фядута адмовіўся. Як стала вядома Еўрарадыё, ужо ноччу такі ж ліст ад нібыта журналісткі LifeNews атрымаў намеснік лідара “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Нагадаю, яшчэ 17 снежня сумнеў у тым, што Лукашэнка пойдзе на выбары 2015 года выказаў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў
 
“На дадзены момант кіраўнік Беларусі не выказаў жадання балатавацца. І я нешта сумняваюся, што ён пойдзе. Але калі пойдзе, то я б яго асабіста як чалавек падтрымаў”, — заявіў Сурыкаў падчас сваёй прэс-канферэнцыі ў Мінску.
 
 
Цікава, што ні на адным з расійскіх СМІ, ад імя якіх прыходзілі лісты Аляксандру Фядуце, няма інфармацыі, атрыманай “з надзейных крыніц” пра адмову Аляксандра Лукашэнкі браць удзел у выбарах 2015 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі