Прэзентацыя: альбом "Icarus Messerschmitt" ад школьных настаўнікаў Autonomicon
Беларуска-польскі гурт Autonomicon, у якім граюць тры школьныя настаўнікі, прадстаўляе на Еўрарадыё свой чацвёрты альбом "Icarus Messerschmitt". Кружэлка запісвалася амаль чатыры гады ў Беларусі, Польшчы, Германіі і В'етнаме.
"Гэта падарожжа ў краіну змрочных станаў псіхікі, туды, дзе не хочацца заставацца, але прыходзіцца ("Менск-непераменск"). Гэта дэканструкцыя мелодыкі і эмацыйнасць ("Зверь", І "Усё ж такі цяплей"). Гэта спроба паставіць дыягназ сучаснаму грамадству ("Там обедают удилами"), а таксама спроба намацаць беларускі дыскурс і сябе ў гэтым дыскурсе ("Дрыгва сапіенс", "Шыва прызямліўся ў Гародні", "Тры мацi"), ― апісваюць альбом музыкі. Яны падкрэсліваюць, што канцэпцыя LP ― гэта шлях ад адчайнага бездапаможнага жаху да надзеі.
Кружэлку складаюць 12 кампазіцый, некаторыя з якіх ужо вядомыя па некалькіх ЕР гурта, а таксама новыя трэкі.
Паводле канцэпцыі, Autonomicon ― адкрыты гурт (створаны ў 2004-м), да якога можна далучацца онлайн. Гэтым разам, апроч школьных настаўнікаў, над дыскам працавалі музыкі гуртоў Earworm, "Пагост", "Лола". Графічным афармленнем займаўся мінскі ілюстратар Алекс Навіцкі. За тэксты ў гурце адказныя паэткі Дзіна Мележ, Ульяна Заварацiнская, Марэла Язерская.
Музыка гурта ― гэта сумесь наіўных на першы погляд lo-fi балад, падобных да Velvet Underground, і шумавых эфектаў, якія могуць нагадаць пра японскую minimal noise і glitch-сцэну. Часта гэта эксперыментальная музыка, як па форме, так і па змесце. У сваіх песнях Autonomicon нярэдка даследуюць цёмны бок чалавечай душы, часта можна знайсці адсылкі да твораў літаратуры, цытаты і своеасаблівую постмадэрнісцкую гульню са слухачом.