Прафесар Іван Кулікоў хоча працягваць працаваць у інстытуце "Сосны"

Учора адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы прафесарам Іванам Куліковым. Завадскі суд сталіцы ўчора асудзіў былога прэтэндэнта на пасаду кіраўніка краіны на 5 гадоў з адтэрміноўкай выканання прысуда на 2 гады.

Кулікоў працаваў загадчыкам лабараторыі ў Інстытуце энэргетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны". У студзені Кулікова арыштавалі, нібыта, цягам 8 гадоў ён налічваў заробак "мёртвым душам".

Як распавёў Іван Кулікоў у жывым эфіры Еўрарадыё, ён прызнаў віну толькі ў тым, што "несвядома парушыў закон", крадзёж ён не прызнаў.


Прафесар Іван Кулікоў хоча працягваць працаваць у інстытуце "Сосны". Ён кажа, што мае адпачынак да 18 траўня. Тады ён будзе высвятляць, якія ў яго шансы працягваць працу ў інстытуце.

Нагадаем, што Іван Кулікоў балатаваўся ў прэзідэнты на мінулых выбарах, але зняў сваю кандыдатуру на этапе збору подпісаў. Праз месяц пасля выбараў навукоўцу выставілі абвінавачванне ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненага ў буйным памеры.

У сакавіку стала вядома, што Кулікову перакваліфікавалі абвінавачванне на "нанясенне шкоды ў значным памеры шляхам атрымання выгады ў выніку падману, злоўжывання даверам або шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі пры адсутнасці прыкметаў крадзяжу". Згодна з новымі звесткамі следства, навукоўца цягам 8 гадоў налічваў заробак "мёртвым душам", але гаворка ўжо ідзе не пра 22, а пра 8,6 млн рублёў. І цяпер следства не думае, што ў мінулым патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта іх выкраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі