13 удзельнікаў суботняга канцэрту асудзілі на арышт і штраф
Іх справы сёння разглядаў суд Цэнтральнага раёна сталіцы.
Нагадаем, што 24 сакавіка ў мінскім ДК МТЗ павінен быў адбыцца панк-канцэрт у падтрымку ФНБ-груп (гэта рух, прыхільнікі якога раздаюць бяздомным веганскую і вегетарыянскую ежу). Але не паспеў канцэрт пачацца, як у залу ўварваўся спецназ і затрымаў амаль усіх прысутных, гэта было каля сотні чалавек. Многіх пасля адпусцілі, на Акрэсціна апынуліся 14 чалавек, якія чакалі там суда.
3 сутак арышту атрымала Алена Дубовік, па 2 сутак: Павел Беланаў, Павел Грыневіч, Аляксандр Педаш, Андрэй Сцяпанаў і Дзмітрый Харланчук. Штраф у памеры 70 тысяч рублёў атрымаў Дзмітрый Гураў, 105 тысяч — Аляксандр Ярашэвіч, 140 тысяч — Яўген Уласенка і Павел Дзяркач, 175 тысяч — Мікіта Уласенка, Уладзімір Дзмітрачкоў і Яўген Рубашка. Іх пакаралі за "дробнае хуліганства", а некаторых — за "знаходжанне ў нецвярозым стане ў публічным месцы".
Як паведамляе сайт belarus.indymedia.org, аднаго з затрыманых, Ігара Трухановіча, 25 сакавіка забрала "хуткая". Ён знаходзіцца ў бальніцы з лёгкім сатрасеннем мозгу і яго суд, верагодна, адбудзецца пазней.