Амбасада Лівіі ў Мінску вывесіла сцяг паўстанцаў (фота)
Замест дзяржаўнага сцяга над будынкам прадстаўніцтва ад сёння залунаў штандар Нацыянальнага пераходнага савета.
Амбасада Лівіі ў Мінску замяніла дзяржаўны сцяг на паўстанцкі. У самім дыпрадстаўніцтве гэта не каментуюць. У размове з карэспандэнтам Еўрарадыё супрацоўнік амбасады пацвердзіў, што сцяг сапраўды замянілі сёння ранкам і дадаў, што гэта звязана з развіццём падзеяў у Лівіі.
Пад такім сцягам Нацыянальнага пераходнага савета з рэжымам Кадафі змагаюцца лівійскія паўстанцы.
Між тым афіцыйны дзяржаўны сцяг Лівіі ўяўляе сабой зялёнае палатно.