"Архэ" зноў не перарэгістравалі, часопіс не выходзіць ад лета 2012-га

У мінулым годзе чыноўнікаў не задаволіла кваліфікацыя галоўнага рэдактара Аляксандра Пашкевіча (у яго не было 5-гадовага стажу працы на кіраўнічых пасадах гэтага профілю). Цяпер жа пытанні ўзніклі да працэдуры падачы дакументаў на перарэгістрацыю. У Міністэрства інфармацыі іх падавалі па даверанасці дырэктара і спачатку пярэчанняў не было.

Вось што распавёў Еўрарадыё Аляксандр Пашкевіч:

"Гэта фармальная падстава, якая хутчэй за ўсё надуманая. Бо калі б сапраўды было парушэнне, яны не мусілі б увогуле прымаць дакументы. Але яны нічога не сказалі, месяц пачакалі, а цяпер заявілі...".

Цяпер ён чакае пісьмовага адказу з Мінінфармацыі, пасля атрымання якога будзе прынятае рашэнне аб далейшых дзеяннях.

Нагадаем, у верасні 2012 года ў Гродне на прэзентацыі "Архэ" падаткавікі здзейснілі кантрольную закупку друкаванай прадукцыі, на якую не было адпаведных дакументаў. Валер Булгакаў быў аштрафаваны за "незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць" на 500 тысяч рублёў. У яго канфіскавалі 200 часопісаў і кніг, а таксама прыбытак ад продажу часопіса на агульную суму 875 тысяч рублёў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў арыштаваў рахунак часопіса "Arche". У кастрычніку стала вядома, што праваахоўнікі забралі ў Лагойскім раёне больш за 5 тысяч кніг і асобнікаў часопіса "Архэ". Іх адправілі на паўторную экспертызу, узнікла пагроза крымінальнай справы. Пасля гэтага Булгакаў з'ехаў з краіны, а выконваць абавязкі галоўнага рэдактара стаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.

На здымку: Валер Булгакаў і Аляксандр Пашкевіч. Фота — gs.by

БТ: у лазні Булгакава знайшлі "дрэнна пахнучую літаратуру" (відэа)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі