Басіста No Comment Band прызналі адным з лепшых маладых музыкаў у свеце

110815 Malina_NoCommentBand.mp3

Беларускі фанк-рок-гурт No Comment Band заняў 10-е месяца ў фінале міжнароднага фестывалю Emergenza, які завяршыўся 14 жніўня ў нямецкім гарадку Rothenburg ob der Tauber (Ротэнбург на Таўбры). На фэсце мінчане прадстаўлялі адразу дзве краіны: Беларусь і Расію, паколькі перамаглі ў рэгіянальным конкурсе Emergenza Russia&Belarus. Такое высокае месца ў фінале прадстаўнікі абедзвюх краін займаюць упершыню. Нягледзячы на гэта, No Comment Band разлічвалі на лепшы вынік.

"Шчыра кажучы, хлопцы засмучаныя, – прызнаецца дырэктар No Comment Band Зміцер Хламаў. – Мы, натуральна, чакалі набліжэння да Топ-5, трапіць ў Топ-5. Вакаліст Мацвей быў засмучаны ўвесь учорашні дзень, а цяпер ён зноў будуе планы. У прынцыпе, мы не спыняемся, мы пачынаем запіс альбома, з якім паедзем "around the world" вясной-зімой 2012-га года".

Разам з лепшымі гуртамі на конкурсе выбіралі і лепшых музыкаў. Басіста No Comment Band Алега “Лімона” журы назвала другім майстрам чатырохструннай гітары на фэсце. Беларуса перамог толькі музыка з дацкага гурта LSD ON CIA, які, дарэчы, стаў срэбраным прызёрам у агульным рэйтынгу калектываў. У падарунак Лімон атрымаў новую гітару. Зміцер Хламаў перакананы, што прызавое месца адкрыла для музыкі шырокія магчымасці.

"Думаю, калі Лімон пажадае стаць эндорсерам якой-небудзь фірмы, то другое месца на фестывалі Emergenza будзе вельмі важкім (Эндорсер - музыка, які падпісвае кантракт з фірмай-вытворцай інструментаў, і на канцэртах карыстаецца выключна іх маркай - заўв. Еўрарадыё). Мне падаецца, што яму застаецца толькі выбраць фірму, і мы з задавальненнем дашлем ім сваю прапанову".

Усяго ў фінале спаборнічалі гурты з 24 краін свету. Перамог нарвежскі калектыў ENVY. Арганізатары Emergenza цягам года будуць дапамагаць гурту з канцэртамі па ўсёй Еўропе. Тое самае чакае і No Comment Band, але з боку расійскіх куратараў фэсту.

Зміцер Хламаў: "Цэлы год, пакуль гурт No Comment Band будзе пераможцам рэгіянальнага Emergenza, нашы расійскія калегі мусяць забяспечваць пэўную інфармацыйную і канцэртную падтрымку. Мне падаецца, што за гэты год мы аб'ездзім Беларусь, усе магчымыя расійскія гарады і, спадзяюся, Еўропу".

Нагадаем, што міжнародны фінал Emergenza, штогод з'яўляецца часткай нямецкага буйнога фестывалю Tаubertal. Пераможца атрымлівае магчымасць выступіць на галоўнай сцэне фэсту перад асноўнымі хэдлайнерамі, а таксама год актыўнай канцэртнай дзейнасці.

Усе вынікі фінала Emergenza можна паглядзець тут

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі