Бензін у баку мытнікі мераюць па аўтадатчыках

121011_luka6uk_paliva.mp3

Вяртацца да старых нормаў выезду на аўтамабілі за мяжу ў Беларусі бліжэйшым часам не плануюць. Па-ранейшаму, ездзіць часцей чым раз на 8 дзён і не дэклараваць паліва змогуць далёка не ўсе, распавядае Еўрарадыё начальнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко.

Ігар Пяшко: “Вы ж выдатна разумееце, што парытэт цэн захоўваецца да гэтых часоў. Таму — розніца ёсць, і ўсё ж такі праблема (вывазу беларускіх нафтапрадуктаў. — заўв. Еўрарадыё) такім чынам вырашаецца”.

Тым не менш памежнікі і мытнікі сумесным рашэннем унеслі значныя ўдакладненні ў Пастанову Саўміна. Цяпер гэта не толькі дыпламаты ды іх сем’і, камандзіраваныя супрацоўнікі дзяржустаноў і кіроўцы міжнародных аўтобусаў.

Ігар Пяшко: “Да паважных прычын для перасоўвання праз дзяржмяжу часцей, чым устаноўлена пунктам 1 Пастановы Саўміна, адносяцца: навучанне, лячэнне, ажыццяўленне працоўнай дзейнасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, праца на зямельных участках, наведванне блізкіх сваякоў, наведванне могілак сваякоў, выезд у аэрапорты, размешчаныя ў суседніх дзяржавах, вымушанае перасячэнне дзяржмяжы з прычыны вяртання кантрольнымі службамі суседняй дзяржавы ў пункце пропуску”.

І нават тэрміновы выезд за мяжу, выкліканы непрадбачанымі абставінамі! Адзінае — усё гэта неабходна пацвердзіць адпаведнымі дакументамі. Так, да прыкладу, трэба мець камандзіровачнае пасведчанне. Ехаць можна нават на ўласнай машыне. Галоўнае, каб быў адпаведны загад кіраўніцтва, тлумачыць Еўрарадыё супрацоўніца Ашмянскай мытні.

Тым не менш застаюцца людзі, якія нават пад гэты пашыраны спіс не трапляюць, а ехаць за мяжу на машыне мусяць. У такім выпадку ім неабходна загадзя растаможыць пэўную колькасць паліва, што будзе ў бензабаку. Супрацоўнік Брэсцкай мытні раіць гэта рабіць па месцы свайго жыхарства. Маўляў, можна і ў іх, але чэргі вялікія. З гэтым пагаджаецца і Ігар Пяшко.

Ігар Пяшко: “Неабходна, калі ён часцей як раз на 8 дзён, загадзя задэклараваць паліва. У нас на сайце вы можаце знайсці спіс пунктаў мытнага афармлення, дзе дэкларуецца паліва”.

А як на мяжы правяраюць, ці сапраўды ў баку задэклараваныя 20 літраў, а не, да прыкладу, 31? Прадстаўнік Мытнага камітэта ад адказу ўхіляецца — маўляў, у мытнікаў свае прафесійныя сакрэты. Але гэтыя сакрэты лёгка выдае супрацоўніца Ашмянскай мытні.

Супрацоўніца Ашмянскай мытні: “Па аўтамабільных датчыках! Мы лічым, што людзі ў нас добрасумленныя, ніхто датчыкі не ламае. А тых, хто паліва вывозіць, мы і так ведаем!”

І дадае, што жадаючых задэклараваць паліва і праехаць такім чынам часцей як раз на 8 дзён, вельмі мала.

Такім жа чынам, з дапамогай аўтамабільных датчыкаў, без усялякіх хітрыкаў і тэхнічных ноу-хау і з верай у добрасумленнасць людзей правяраюць узровень паліва і на Брэсцкай мытні. І таксама кажуць, што “дэкларантаў” праз іх пункт пропуску ездзіць вельмі мала.

Нагадаю, абмежаванні на выезд за мяжу на машыне былі ўведзеныя 11 чэрвеня 2011 года, каб спыніць вываз беларускага паліва, што рэзка патаннела. Першапачаткова выязджаць можна было не часцей чым раз на 5 дзён. У лістападзе мінулага года колькасць дзён вырасла да 8. З-за гэтага на мяжы здараюцца непрыемнасці з замежнікамі-транзітнікамі.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі