Еўрарадыё знайшло хлопца, на якога накінуліся адразу чатыры спецназаўцы
Увечары Паўла Войтава адпусцілі без складання пратаколу.
На фота бачна, як некалькі спецназаўцаў шукаюць кагосьці ў натоўпе сярод мінакоў. Вось яны ўбачылі хлопца, які павольна ідзе па вуліцы. Хапаюць яго ззаду за шыю ды накідваюцца ўчатырох (фота ніжэй). Паўла Войтава Еўрарадыё нечакана заспявае не ў судзе, а… дома.
Еўрарадыё: Ці сапраўды ты удзельнічаў у акцыі?
Павел Войтаў: Не! Я сустракаўся з сябрам на Нямізе побач з царквой. Пасля вяртаўся назад. Гэта было гадзіне а восьмай. Мы развіталіся з сябрам, ён пайшоў у “МакДональдс” на Нямізе, а я — у бок метро. Я ішоў у звычайнай плыні людзей, як усе вяртаюцца з працы. Ніякай панікі я не заўважыў. Далей сам не зразумеў, што адбылося. Тлумачэнняў нейкіх у мяне няма. Пэўна, гэта была нейкая памылка — затрымлівалі кагосьці канкрэтна.
Еўрарадыё: Можа, было такое жаданне — збегчы адтуль, бо няёмка сябе адчуваць, калі побач спецназ шукае некага?
Павел Войтаў: Навошта? Калі адчуваеш, што ні ў чым не вінаваты, то куды бегчы?
Еўрарадыё: Што адбылося далей, калі даставілі ў пастарунак?
Павел Войтаў: У міліцыі высветлілі абставіны затрымання, асобу праверылі і адпусцілі. Дактыласкапію я праходзіў раней, перад ваенкаматам. Пашпарт у мяне практычна заўсёды пры сабе, таму ніякіх праблем не было.
Еўрарадыё: А ці будзе ад цябе скарга на дзеянні спецназу?
Павел Войтаў: Пакуль не ведаю. Ніякіх фізічных пашкоджанняў я не атрымаў.
Фота: Антон Матолька