Хто бярэ крэдыты пад 1000 працэнтаў?

130416_marcin_kredyt_0.mp3

“Мы абавязаная выдаваць толькі свае грошы, такая дзейнасць не ліцэнзуецца. У нас свая служба бяспекі, якая правярае чалавека, які звяртаецца па грошы. Бывае, што не вяртаюць, такіх 3%-5%. Але гэтыя грошы хутка праз суд вернуць”, — расказваюць у кампаніі “Арткапітал”, якая дае ў доўг да заробку.

Напрыклад, тут могуць даць да 3 мільёнаў рублёў, вярнуць праз 10 дзён давядзецца 3,6 мільёна.

Кліентаў шмат: да 20 чалавек на дзень. Неслабы прыбытак. Але палове кліентаў адмаўляюць, бо тыя не вернуць грошы!

“Людзі падманваюць, пішуць з інтэрнэта розныя тэлефоны. Потым тэлефануем яго маці, а яна кажа, каб не давалі яму грошай. Бо сама за яго тры крэдыты плаціць”, — расказваюць у “Арткапітале”.

У кампаніі vzaim.by таксама прапануюць “падтрымаць” да заробку. Пад 2% на… кожны дзень. Тут гавораць, што такія крэдыты для нябедных.

“Мы выдаём не крэдыты, а пазыкі, з уласных сродкаў. Таму гэта не банкаўская дзейнасць.Максімум можна пазычыць да 2 мільёнаў. Нашымі кліентамі становяцца не бедныя людзі, а сярэдні клас, які не можа адмовіць сабе ў пэўным жаданні. У адпачынак паехаць, напрыклад”.

Эксперт партала infobank.by Кацярына Смірнова такія пазыкі называе міжнароднай практыкай. Але канкурэнцыю банкам гэтыя кампаніі не складуць, бо гэтыя крэдыты даражэйшыя.

“Нельга сказаць, што банкі іх успрымаюць, як канкурэнтаў. Гэта мікрафінансавыя арганізацыі. Яны даражэйшыя, чым спажывецкія крэдыты, нават калі для іх не патрэбная даведка аб даходах. Гэта нармальная практыка, а ў нас дастаткова доўга не развіваўся такі сервіс. Тым больш, нашы грамадзяне добра пагашаюць гэтыя пазыкі, бо дысцыплінаваныя”, — упэўнівае мяне Кацярына Смірнова.

І дадае, што адмысловая ліцэнзія на такія дробныя пазыкі арганізацыям не патрэбная.

У Нацбанку пра “дарагія крэдыты” да заробку чулі. А кіраўніца Надзея Ермакова толькі можа параіць пазычаць грошы ўсё ж у банкаў, бо там меншы адсотак. Але паўплываць на крэдытныя канторы не можа.

“Мы ж не выдаём ім ліцэнзію. Таму яны дзейнічаюць не ў нашым прававым полі”, — тлумачаць Еўрарадыё у прэс-службе галоўнага банка краіны.

А ў Камітэце Дзяржкантролю прыгадваюць, што “даўно не правяралі крэдытныя канторы”.

Крэдыт на адукацыю: бярэш 35 мільёнаў, вяртаеш 150!

Фота: freeregion.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі